Search
Вторник 19 Март 2024
  • :
  • :

Казка — разумніца і хараство...

Дашкольнае дзяцінства — важны этап у выхаванні ўважлівага слухача, а потым чулага чытача, які любіць кнігу, што дапамагае яму пазнаваць навакольны свет, фарміраваць маральныя пачуцці і ацэнкі, развіваць успрыманне мастацкага слова.

Важнае месца ў жыцці дзяцей дашкольнага ўзросту займаюць казкі, да якіх яны праяўляюць асаблівую цікавасць. Маленькім чытачам казка не дае прамых настаўленняў тыпу «слухайся бацькоў», «паважай старэйшых», «не хадзі з хаты без дазволу», але ў яе змесце заўсёды закладзены ўрок, які яны паступова ўспрымаюць: дзеці любяць герояў, яны ім становяцца роднымі, блізкімі, а значыць, могуць і павінны стаць прыкладам для пераймання.

Казкі вельмі ўмела развіваюць уяўленне, фантазію і творчыя здольнасці дзяцей, фарміруюць эстэтычнае стаўленне да свету. Мае выхаванцы любяць слухаць розныя казкі: і народныя, і аўтарскія, але з найбольшым хваляваннем яны ставяцца да казак, якія склалі разам з мамай і татам.

Стварэнне казак — займальны занятак! Вы атрымаеце велізарнае задавальненне ад гэтага працэсу. Аднак гэта адбудзецца толькі ў тым выпадку, калі не забудзеце пра пачуццё гумару, будзеце заахвочваць любыя фантазіі сына ці дачкі. Чым прывабней занятак для дзяцей, тым часцей яны ўсміхаюцца.

Рады прапанаваць вашай увазе экалагічныя казкі, якія склалі дзеці старшай групы дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці г.Свіслачы Гродзенскай вобласці разам з бацькамі ў рамках педагагічнага праекта «Біянкі — дзецям». Прыемнага чытання!

Данута Лобач,

выхавальнік вышэйшай катэгорыі,

дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці г.Свіслач Гродзенскай вобласці

 

Прыкметы восені

 

Маленькі зайчык Сцёпка сядзеў пад кустом і са страхам глядзеў па баках.

— Зайчаня, што з табой? — спытала сінічка Наташка, якая сядзела на галінцы рабіны.

— А ты не бачыш? Нешта ў лесе страшнае адбываецца. Думаю, што гэта злы чараўнік хоча наш цудоўны лес зачараваць.

— Я нічога страшнага не заўважаю, — чырыкнула сінічка.

— Ці не заўважаеш, што сонейка стала пазней па раніцах усходзіць, стала халадней, вецер халодны дзьме, дажджы частыя? Не заўважаеш, што лісточкі на некаторых дрэвах сталі жоўтымі, аранжавымі, чырвонымі? А з некаторых яны і зусім паляцелі?! Бачыш, птушкі кудысьці ляцяць, вавёрачкі каморы запаўняюць ягадамі, грыбамі, арэхамі. Усё гэта нездарма.

— Дзівак ты, — засмяялася сінічка. — Няма ў лесе ніякага злога чараўніка! Проста восень прыйшла. Восень — пара, калі ўсе рыхтуюцца да адпачынку. Дрэвы скідаюць лістоту. Некаторыя звяры, напрыклад, вожыкі і мядзведзі, рыхтуюцца ўпасці ў спячку. Яны будуць спаць усю зіму да вясны.

— А птушкі? — спытаў зайчык.

— А птушкі ляцяць у вырай. Холадна і голадна ім зімой у нашых лясах.

— Сумная гэта восень: лісце ападае, птушкі адлятаюць, звяры спаць кладуцца, — знерваваўся зайка.

— А ты не сумуй, паглядзі навокал, колькі падарункаў нам восень прыгатавала: арэхі, грыбы, ягады. Хіба не стаў наш лес прыгожым у такім рознакаляровым строі?!

Агледзеўся Сцёпка вакол і зразумеў, што лес і сапраўды стаў прыгожы як ніколі. Добрая пара года — восень!

Ульяна Клапацюк

 

Лясная прыгажуня

 

У лесе, на палянцы, расла ялінка. Яна была стройная, прыгожая, з пухнатымі галінкамі. Да яе прыбягалі пагуляць вавёрачкі і зайчаняткі. Прыляталі на яе пухнатыя галінкі птушачкі. Ялінка была рада бачыць кожнаму. І толькі маленькае Ваўчаня прыбегла да яе, паглядзела і сказала: «Якая ты калючая! І чаго гэта ў цябе замест лісця растуць іголкі? Паглядзі на дрэвы — яны прыгожыя! Увесну на іх растуць зялёныя лісточкі, а ўвосень яны мяняюць колер на жоўты і чырвоны. Потым ападаюць і ніколі нікога не колюць. А на цябе, ялінка, сумна глядзець, бо ты заўсёды аднаго і таго ж зялёнага колеру, ды яшчэ і калючая. Як толькі з табой гуляюць гэтыя зайчаняткі?»

Засумавала ялінка, бо не ведала, што адказаць Ваўчаняці.

— Ай-яй-яй! — пачула чыйсьці голас Ваўчаня.

— Ваўчаня, так нельга! — сказала Вавёрачка. — Хіба ты не ведаеш, што ялінку называюць лясной прыгажуняй, таму што яе іголачкі зімой і летам зялёнага колеру? Менавіта на яе галінкі кожны Новы год усе звяры нашага лесу вешаюць яркія цацкі і водзяць вакол яе карагоды.

Ваўчаня разгубілася і нічога не адказала.

І вось прыйшла зіма. Увесь лес пакрыўся белым пухнатым снегам. Усе жыхары лесу рыхтаваліся да Новага года. Толькі Ваўчаня было не рада зіме. Бо ўсе ведалі, як яно пакрыўдзіла ялінку, і ніхто не хацеў з ім сябраваць.

Лясныя жыхары сталі прыбіраць ялінку. Зайчаняткі прынеслі моркву, вавёрачкі павесілі шышкі і арэхі. Снегіры прыляцелі з рабінай. Праз некаторы час ялінка была ўжо такой прыгожай, што ўсім зверанятам стала вельмі весела. Яны спявалі песенькі і вадзілі карагоды.

Раптам на палянку выйшла Ваўчаня і сказала:

— Прабачце мяне. Я больш так не буду. Можна мне з вамі сустрэць Новы год?

І працягнула ў сваіх лапках прыгожую, яркую зорачку.

  • Гэта для нашай ялінкі. Бо яна лясная прыгажуня! Няхай заўсёды ўпрыгожвае наш лес!

Вавёрачка ўзяла зорачку і павесіла яе на верхавіну ялінкі.

— Прабачым яго, — сказаў маленькі Зайчык і павёў Ваўчаня ў карагод.

І зноў звераняты сталі весяліцца. Так у лесе сустрэлі Новы год!

Саша Маркевіч

 

Казка пра чароўную Каралеву

 

У адным вялікім і вельмі прыгожым, чыстым каралеўстве пад назвай Прырода жыла-была Каралева. Звалі яе Экалогія. Яна была чараўніцай, клапатлівай, уважлівай да сваіх жыхароў і вельмі прыгожай. А жыхары гэтага каралеўства вельмі любілі яе і часта прыходзілі ў госці.

Аднойчы здарылася бяда: Каралеву выкралі злыдні. Яны павезлі яе ў злую краіну пад назвай Бруд. Там жылі брудныя, неахайныя і вельмі злыя людзі. Яны не любілі чысціню, не любілі прыбіраць за сабой, кідалі паўсюль смецце. І сваімі дрэннымі паводзінамі наносілі шкоду Прыродзе.

І што ж рабіць цяпер сябрам нашай Каралевы? Ім трэба яе тэрмінова ратаваць! Сабралі яны ўсе свае сілы і адправіліся ў злую краіну. Ехалі доўга, пакуль не ўбачылі старыя лясы, горы смецця, бруд і неахайнасць жыхароў. Спачатку стала страшна, што так шмат бруду. Бо самі жывуць у цудоўнай і чыстай краіне.

Сябры сталі прасіць зладзеяў вярнуць ім Каралеву. Злыдні спыталі, навошта яна ім патрэбна. І вось што дружна адказалі сябры Каралевы:

«Прырода — гэта тое каралеўства, у якім мы жывём, а Экалогія — Каралева, якая ім кіруе. А ўсё разам гэта азначае: чыстае паветра, прыгожы раслінны свет, дзе шмат квітнеючых садоў, дрэў, лясоў, а таксама жывёл, рыб і птушак. Восеньскае надвор’е і апалае лісце. Блакітнае неба і прывольны ветрык. Там, дзе ёсць клопат, чысціня, там, дзе няма бруду.»

Вельмі спадабалася злачынцам, як сябры абараняюць сваю Каралеву. Спалохаліся яны і адпусцілі яе ў сваю краіну.

Вось што значыць сябраваць з Экалогіёй і любіць сваю прыроду!

Ксюша Пясняк

 

Зіма ў лесе

 

Прыйшла ў лес халодная зіма. Усе дрэвы і кусты гурбамі замяло. А сонейка свеціць ды не грэе. Задумаліся лясныя жыхары — звяры і птушкі, як яны перажывуць зіму. Бо ў зімовым царстве холадна, голадна і сумна. Снег, мароз і цішыня. Зайчык у белым кажушку сляды блытае ды кару горкую абледзянелую грызе. Птушкі не спяваюць вясёлыя песні — пракарміцца трэба.

Сабраліся ўсе звяры на паляне і загадалі жаданне, каб ім лягчэй зіму перажыць. Папрасілі сароку расказаць людзям пра сваю бяду. Выканала яна просьбу. Даведаліся дзеці, як цяжка звярам і птушкам. Прыехалі хлопчыкі і дзяўчынкі ў лес. Зрабілі кармушкі, накармілі ўволю лясных жыхароў. Хопіць ежы на ўсіх! Цяпер звярам і птушкам зімовыя халады не страшныя. Яны весела сустрэнуць Новы год, атрымаюць падарункі ад Дзеда Мароза.

А лясныя звяры і птушкі таксама вырашылі аддзякаваць дзяцей за дапамогу. Новыя песні птушкі да вясны сталі вучыць. Прыйдуць дзеці ў лес, калі пацяплее, а птушкі сустрэнуць іх звонкімі, вясёлымі спевамі.

Ліза Супрун