Search
Суббота 20 Апрель 2024
  • :
  • :

Навучанне дзяцей дашкольнага ўзросту беларускай мове ва ўмовах білінгвальнай адукацыі

У артыкуле раскрываюцца асноўныя аспекты навучання дзяцей дашкольнага ўзросту беларускай мове ва ўмовах блізкароднаснага руска-беларускага двухмоўя, звяртаецца ўвага на спецыяльныя метады навучання беларускай мове рускамоўных дзяцей.

Ключавыя словы: дзеці дашкольнага ўзросту, родная мова, блізкароднаснае двухмоўе.

This article covers the main aspects of teaching preschool children the Belarusian language in a closely related Russian-Belarusian bilingualism, draws attention to the special mode of learning Belarusian language speaking children.

Key words: preschool children, native language, closely related bilingualism.

Маўленчае развіццё дзяцей у Беларусі адбываецца ў сітуацыі блізкароднаснага руска-беларускага білінгвізму. Першай мовай, якой авалодваюць дзеці дашкольнага ўзросту, выступае руская. Пры гэтым далучэннне дзяцей да беларускай мовы адбываецца таксама даволі рана. Дзеці чуюць яе па радыё, тэлебачанні, у дзіцячым садзе (асобныя заняткі, святы). У выхаванцаў ствараюцца «жыццёвыя» ўяўленні пра рускую і беларускую мовы, назіраецца паступовае свядомае адрозненне гэтых моў.

З улікам сітуацыіі блізкароднаснага двухмоўя сістэма дашкольнай адукацыі ў Беларусі з’яўляецца білінгвальнай як па форме (у рэспубліцы дзейнічаюць установы дашкольнай адукацыі з беларускай і рускай мовамі навучання), так і па змесце (у адпаведнасці з вучэбнай праграмай у адукацыйны працэс установы дашкольнай адукацыі ўключаны дзве блізкароднасныя мовы).

Білінгвальная адукацыя забяспечвае паўнавартаснае развіццё асобы дзіцяці сродкамі дзвюх моў і прадстаўленых імі культур. Дзіця-білінгв мае магчымасць інтэграцыі ў дзве моўныя культуры, што спрыяе як яго разумоваму, так і псіхічнаму развіццю, пашырае і ўзбагачае мысленне і кругагляд выхаванца. Авалодванне беларускай мовай спрыяе фарміраванню нацыянальнай самасвядомасці дзіцяці. Што да засваення рускай мовы, то рускамоўныя зносіны пашыраюць камунікатыўнае асяроддзе выхаванцаў, садзейнічаюць іх далучэнню да сусветнай культуры. Адначасовае ж авалодванне дзецьмі дашкольнага ўзросту дзвюма мовамі (рускай і беларускай) пашырае іх светапогляд, спрыяе развіццю палікультурнай свядомасці і павялічвае патэнцыяльныя маўленчыя магчымасці.

Аднак найвышэйшы ўзровень моўнай кампетэнтнасці дзяцей забяспечвае ўсё ж такі руская мова. Беларуская, якая з’яўляецца мовай нацыянальнай прыналежнасці, выступае ў асноўным у якасці мовы нацыянальнай ідэнтыфікацыі.

Улічваючы тое, што беларуская мова для беларускіх дзяцей з’яўляецца роднай у асноўным па крытэрыі ідэнтыфікацыі, Н.С. Старжынская сцвярджае, што яе неабходна пачынаць вывучаць як мага раней, з моманту наведвання дзіцем установы дашкольнай адукацыі, шляхам акультурацыі, г.зн. увядзення ў нацыянальна-культурны фон мовы. Што да спецыяльных заняткаў па навучанні беларускай мове ва ўстановах дашкольнай адукацыі з рускай мовай навучання, то яны павінны праводзіцца з дзецьмі, пачынаючы з сярэдняга дашкольнага ўзросту. Асноўнымі спецыяльнымі метадамі навучання дзяцей беларускай мове выступаюць: прамы, супастаўляльны і камбінаваны метады.

Навучанне выхаванцаў беларускай мове на аснове прамога метаду арганізуецца шляхам «пагружэння» ў моўнае асяроддзе. Натуральна, што яно адбываецца без апоры на рускую мову. Дадзены метад атрымаў назву метаду імерсіі (татальнай або поўнай). Аднак у практыцы работы ўстаноў дашкольнай адукацыі з рускай мовай навучання найбольш прымальным з’яўляецца метад мяккай імерсіі, які прадугледжвае паступовае ўвядзенне беларускай мовы ў працэс навучання. Таксама шырока выкарыстоўваецца ў практыцы білінгвальнага навучання частковая імерсія, якая прадугледжвае арганізацыю працэсу навучання сродкамі дзвюх моў.

Супастаўляльны метад навучання дзяцей беларускай мове прадугледжвае апору на рускую. Засваенне беларускай мовы адбываецца на аснове аналізу, супастаўлення і абагульнення дзвюх моўных сістэм. Пры гэтым навучанне дзяцей беларускай мове пры дапамозе супастаўляльнага метаду заснавана на мадэлі пераносу моўных навыкаў з рускай мовы на беларускую. Пры камбінаваным выкарыстоўваюцца прыёмы дзвюх першых метадаў.

На больш позніх этапах навучання мовам ужываецца парытэтная мадэль навучання (раўнапраўе ў выкарыстанні рускай і беларускай моў). Адносна парытэтнай мадэлі варта адзначыць, што раўнапраўе ў выкарыстанні рускай і беларускай моў тычыцца, перш за ўсё, арганізацыі ўсяго адукацыйнага працэсу ва ўстанове дашкольнай адукацыі. З мэтай паспяховага фарміравання двухмоўя пажадана стварыць ва ўстанове дашкольнай адукацыі спецыяльнае камунікатыўнае асяроддзе, якое прадугледжвае прысутнасць дзвюх моў ва ўсіх відах дзіцячай дзейнасці і арганізацыю спецыяльных заняткаў па развіцці маўлення дзяцей на дзвюх мовах. Н.С. Старжынская адзначае, што ў гэтым выпадку найбольш аптымальным шляхам развіцця ў дзяцей дашкольнага ўзросту беларускага маўлення з’яўляецца той, які спалучае з аднаго боку развіццё «пачуцця беларускай мовы» ў выніку паступовага «пагружэння» ў адпаведнае камунікатыўнае асяроддзе, а з другога — спецыяльна арганізаванае навучанне, арыентаванае на фарміраванне ў выхаванцаў элементарных моўных абагульненняў.

Па зазначэнні даследчыцы, агульная стратэгія навучання дзяцей дашкольнага ўзросту беларускай мове акрэсліваецца «знізу ўверх» з дапамогай «стыхійнага» і ў пэўнай меры спарадкаванага засваення дзецьмі моўных сродкаў і «зверху ўніз» на спецыяльных занятках праз авалоданне метадычна нармаванымі моўнымі сродкамі, шляхам як неўсвядомленага абагульнення моўнага матэрыялу, так і яго аналізу.

Паспяховаму авалодванню маўленчымі навыкамі дзяцей на беларускай мове будзе спрыяць арганізацыя спецыяльных заняткаў на беларускай мове адзін раз на тыдзень працягласцю 20 хвілін у першай палове дня ў сярэдняй і старшай групах; правядзенне сітуацый зносін на беларускай мове па падгрупах у другой палове дня працягласцю 20 хвілін у тых жа групах; дачыненне да беларускай мовы ў пасіўнай форме з дзецьмі ад 3-х да 4-х гадоў у час слухання беларускіх песень, твораў мастацкай літаратуры, фальклору, прагляду мультфільмаў; прысутнасць дзяцей малодшага і сярэдняга дашкольнага ўзросту на святах, канцэртах, спектаклях, якія праводзяцца дзецьмі старэйшага дашкольнага ўзросту на беларускай мове; увядзенне ў нерэгламентаваную дзейнасць беларускіх гульняў, праслухоўванне запісаў казак, вершаў на беларускай мове; арганізацыя экскурсій у краязнаўчы музей з мэтай знаёмства з культурай, гісторыяй краіны; наладжванне дзейсна-арыентаваных зносін: інсцэніроўкі, ролевыя гульні, гульні-драматызацыі на беларускай мове; арганізацыя адукацыйных сітуацый у розных відах дзейнасці на беларускай мове.

Калі педагогі з’яўляюцца носьбітамі мовы, гэта гарантыя таго, што дзіця паспяхова авалодае камунікатыўнымі навыкамі на беларускай мове.

Паступіла ў рэдакцыю 09.02.2015 г.

Літаратура:

  1. Старжынская, Н.С. Асновы развіцця беларускага маўлення і навучання роднай мове дашкольнікаў: дыс. ... д-ра пед. навук: 13.00. / Н.С. Старжынская. — Мінск, 1997.
  2. Старжынская, Н.С. Тэорыя і методыка развіцця беларускага маўлення дашкольнікаў: вучэб. дапам. / Н.С. Старжынская. — Мінск: Тэхналогія, 1997.
  3. Яленскі, М.Г. Лінгвадыдактычная парадыгма асобасна арыентаванага навучання мове ў сучаснай школе / М.Г. Яленскі. — Мінск: Нац. ін-т адукацыі, 2002.
Дзіна Дубініна,
кандыдат педагагічных навук, дацэнт,
загадчыца кафедры методык дашкольнай адукацыі,
Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка