Search
Вторник 19 Март 2024
  • :
  • :

Нясе завеі беласнежка-фея

ЗІМА

Надышлі марозы,

Рэчкі закавалі,

Белыя бярозы

Шэранем убралі.

 

Замялі дарогі

Ветрыкі снягамі.

Лес, як дзед убогі

З доўгімі вусамі.

 

Апусціў галіны

І стаіць журботна,

Зрэдку верхавіны

Зашумяць маркотна.

 

Мяккая пярына

Вочы адбірае.

Белая раўніна —

Ні канца ні краю.

 

Пад пялёнкай белай

Травы і лісточкі.

Рэчка анямела,

Змоўклі ручаёчкі.

 

Амярцвелі лозы,

Чуць галлём хістаюць.

А ў палях марозы

Ды вятры гуляюць.                       

Я. Колас

 

СНЯЖЫНКІ

Закружыліся

Сняжынкі

Нізка-нізка

Над зямлёй.

Ціха лётаюць

Пушынкі

Незлічонай

Чарадой.

 

Быццам тыя

Матылёчкі,

Весяляцца

Нездарма —

Адамкнула

Ўсе замочкі

Ў небе ім

Сама зіма.

А. Дзеружынскі

 

ВЫПАЎ СНЕГ

Ішоў ён ціха, асцярожна,

Ніхто не чуў яго хады.

Нібы мастак, ён упрыгожыў

Бялюткай квеценню сады.

П. Прануза

 

Зіма хадою смелаю

да нас прыйшла здаля,

і стала белай-белаю

уся вакол зямля.

 

Такія гурбы выраслі:

як прывіды стаяць.

На двор мы санкі вынеслі —

давай гуртом гуляць.

 

У саначак бліскучыя,

як струны, палазы.

Не страшны нам траскучыя,

тугія маразы.

 

Мы хутка-хутка з горачкі

на саначках ляцім.

Не холадна ніколечкі —

нам весела усім.               

В. Жуковіч

 

ПЕРШЫ СНЕГ

Першы снег, бялюткі снег!

Колькі ён прысыпаў стрэх,

І сцяжынак, і дарог,

На варотах нават лёг,

Двор старанна абяліў…

В. Жуковіч

 

РАЗМОВА СНЯЖЫНАК

Мы — вясёлыя пушынкі,

I сябруем мы з зімой.

Мы — сняжынкі-балерынкі,

Мы танцуем танец свой.

Ах, як хочацца нам болей

Пакружыцца над зямлёй!

Апускаемся паволі

I гамонім між сабой:

— Я саджуся на галінку.

— Я — на плот.

— А я — на дах.

— Апушчуся на сцяжынку.

— Сяду я на правадах.

Мы вясёлыя пушынкі,

Мы танцуем угары.

Мы — сняжынкі-балерынкі,

Танец наш — для вас, сябры!

Н. Галіноўская

 

МАРОЗ

На шыбах малюнкі,

на дрэвах карункі

зрабіў цудадзейны мастак.

Узоры для рання

стварыў ён дыханнем —

рукамі не здолееш так.

 

Мастак ад прыроды,

дыхнуў ён на воды —

масты і масточкі стварыў,

каткі і каточкі

скаваў ён за ночку

і дзецям усе падарыў.

В. Жуковіч

 

У ЗІМОВЫМ ЛЕСЕ

У зімовым лесе

Снежна, снежна, снежна.

Сарокам няўежна,

А зайцам няўлежна —

 

Сонца іх не грэе,

Вецер не марозіць,

Аднаму мядзведзю

Цёпла у бярлозе.

 

У зімовым лесе

Іней, іней, іней

На сасонках сініх,

На старых асінах,

 

Ён сядае нават

Срэбнай павуцінай,

Калі лось задрэмле,

На рагах ласіных…

 

У зімовым лесе

Ціха, ціха, ціха,

Зрэдку мітуснецца

Ў голлі снегірыха,

Войкне, баючыся,

Што знячэўку спевам

Інею карункі

Ацярушыць дрэвам.

А. Лойка

 

ЗІМА

Было цёпла. У ваконца

Заглядала ясна сонца.

Аж, ні села і ні пала,

Зіма з снегам загуляла.

 

Усю нашую старонку

Спавівала, як у пялёнку.

Няма траўкі, няма кветак,

Пуста гэтак, глуха гэтак.

 

Сціхла рэчка, як забіта,

Пад шкляною лёду плітай;

Лес пашумам не гамоніць,

Птушак песнямі не звоніць.

Я. Купала

 

ЗІМОВЫ ВЕЧАР

Свеціць месяц серабраны,

Зоркі рэзва зіхацяць;

Дрэвы інеем убраны,

Зачарованы стаяць.

Па шырокаму абшару,

Неагляднаму кругом,

Плывуць цені лёгкай хмары

То паціху, то бягом.

Ўжо гуляе разам з імі

Вёрткі дзед — стары мароз

І ліе вакол вачыма

Міліёны іскраў-слёз.

Ц. Гартны

 

ПЕРШЫЯ СНЯЖЫНКІ

Лётаюць, сыплюцца

Зоркі-сняжынкі —

Белыя, лёгкія,

Быццам пушынкі.

 

Роўна так сцелюцца

У вёсцы і ў полі,

Круцяцца, кружацца

Ціха, паволі.

 

Лётаюць, сыплюцца

Снежныя зоркі…

Будзем на саначках

Ездзіць мы з горкі.

Я. Журба

 

ЗІМА

Сінічка-сястрычка,

Ля вокнаў звіні,

Сінімі будуць

Марозныя дні.

 

Сіняе неба,

Сіні лясок,

Сіняй рачулкі

Даўгі паясок.

 

Сінічка, ты крыламі

Сінь расхіні

І сонцу чырвонаму

Ў вочы зірні!

 

Паружавее

Ракі паясок,

Павесялее

Сіні лясок.

Е. Лось