Search
Четверг 25 Апрель 2024
  • :
  • :

Паэтэса, асветніца і педагог

Год культуры

Цётка

ЦЁТКА (Алаіза Сцяпанаўна Пашкевіч) нарадзілася 15 ліпеня 1876 года ў фальварку Пешчын, непадалёк ад Ліды (цяпер Шчучынскі раён Гродзенскай вобласці) у шляхецкай сям’і, дзе дзяцей было многа, і бацькі шмат працавалі. Алаізу ў тры гады, разам з малодшым братам, аддалі гадаваць дзядам Пашкевічам. Ранняе дзяцінства прайшло пад наглядам бабулі Югасі i нянькі ў суседняй вёсцы. У бабулі «Лізенька», як пяшчотна яе называлі ў сямейным коле, навучылася чытаць і пісаць па-польску, бо сям’я была каталіцкага веравызнання. Ад старой нянькі, якая ведала шмат казак і песень, пераняла любоў да жывой народнай творчасці. Пасля смерці бабулі дзевяцігадовую Алаізу бацькі забралі да сябе ў Стары Двор, клапаціліся пра яе адукацыю, бо яна вылучалася сваімі здольнасцямі да навукі. Падрыхтаваная «хатнімі настаўнікамі» да гімназіі, Алаіза паступіла ў 1894 г. у 4-ты клас прыватнай жаночай гімназіі В. Прозаравай у Вільні. Вучыцца давялося з вялікімі перапынкамі, бо пачаткі сухотаў і дрэннае харчаванне падрывалі і без таго кволы ад прыроды арганізм. Поўны курс гімназіі скончыла ў 1901 г., працавала хатняй настаўніцай, але цяга да ведаў не пакідала Алаізу. У 1902 г. яна прыехала ў Пецярбург і паступіла на курсы выхавацелек і кіраўніц фізічнай адукацыі (сёння Пецярбургскі дзяржаўны ўнівэрсітэт фізічнай культуры імя Лесгафта). У Пецярбурзе, у рэвалюцыйным студэнцкім асяроддзі, фарміруюцца яе грамадска-палітычныя, эстэтычныя погляды.

Курсаў Лесгафта Цётка не скончыла, але ў 1904 г. здала спецыяльныя іспыты ў Аляксандраўскай жаночай гімназіі, а таксама атрымала пасведчанне аб здачы лацінскай мовы ў аб’ёме гімназічнага курса пры С. -Пецярбургскай першай гімназіі. Напэўна, ужо тады Цётка мела на мэце працяг гуманітарнай адукацыі. (Гэта будзе крыху пазней, у Львове і Кракаве.) Напярэдадні рэвалюцыйных падзей, Цётка вярнулася з Пецярбурга ў Вільню, працавала фельчарыцай у лячэбніцы, распачала актыўную прапагандысцкую працу сярод віленскіх рабочых, прымала ўдзел у беларускім нацыянальным руху, асветніцкай рабоце, была членам Беларускай сацыялістычнай грамады. Тут, у Вільні, па-сапраўднаму разгарнуўся яе талент паэтэсы, рэвалюцыйнага дзеяча, яркага аратара i прапагандыста.

У 1906 г. каля Львова выпускае зборнікі вершаў «Хрэст на свабоду» i «Скрыпка беларуская», у перакладзе з украінскай мовы кнігу «Гасцінец для малых дзяцей», рыхтуе падручнік-хрэстаматыю «Першае чытанне для дзетак беларусаў». У другой палове 1906 г. прыязджае ў Вільню, прымае ўдзел у выданні першай легальнай беларускай газеты «Наша доля». I зноў едзе ў Львоў, паступае вольнаслухачом на філасофскі факультэт універсітэта, рыхтуе даследаванне «Батлейкі на Беларусі i ix сувязь з польскай драматычнай літаратурай», марыць атрымаць ступень доктара філасофіі.

У Львове Цётка шмат працуе у бібліятэцы, вывучае матэрыялы па гісторыі Беларусі, беларускі фальклор, чытае кнігі на ўкраінскай, чэшскай, нямецкай мовах. Марыць аб выдавецкай справе, хоча арганізаваць выданне папулярных кніг для беларускіх сялян, але ажыццяўленню мар перашкодзіла цяжкая хвароба лёгкіх. Цётка вымушана выехаць на лячэнне ў Закапанэ. Затым едзе ў Італію, наведвае Рым, Венецыю, Фларэнцыю, славутыя музеі i карцінныя галерэі, слухае вядомых італьянскіх спевакоў.

У 1908—1909 гадах паэтэса жыве ў Кракаве, вучыцца ў Ягелонскім універсітэце. У 1911 г. яна выходзщь замуж i, змяніўшы прозвішча, атрымлівае магчымасць вярнуцца на радзіму. Ізноў уключаецца ў грамадскую i літаратурную дзейнасць, рэдагуе часопіс для моладзі «Лучынка».

З 1910 да 1914 г. жыццё Цёткі стракацела пераездамі. Калі пачалася імперыялістычная вайна, Цётка едзе працаваць сястрою міласэрнасці. Спачатку дапамагала раненым на полі бою, а пасля ў шпіталі.

У пачатку студзеня 1916 г., атрымаўшы вестку пра смерць бацькі, Цётка едзе ў вёску Стары Двор. Пахаваўшы бацьку, застаецца ў Лідскім павеце, каб дапамагчы cваім землякам (тут лютавала эпідэмія тыфу). Але сама не ўсцераглася, захварэла тыфам i памерла ўночы з 4 на 5 лютага 1916 года. Пахавана ў вёсцы Стары Двор.

Літаратурная дзейнасць Цёткі працягвалася ўсяго толькі пятнаццаць год. Творчая спадчына яе параўнаўча невялікая. Крыніцай, якая жывіла творчасць Цёткі, было жыццё, фальклор, здабыткі прагрэсіўнай беларускай літаратуры — творы К. Каліноўскага, Дуніна-Марцінкевіча, Ф. Багушэвіча. Яна добра ведала ўкраінскую мову, захаплялася творамі яе майстроў. Асабліва блізкай ёй была творчасць Лесі Украінкі. Увасабленню сваёй думкі ў мастацкіх вобразах Цётка вучыцца на лепшых творах польскай, рускай літаратуры.

У творчай спадчыне пісьменніцы значнае месца займаюць падарожныя i навукова-папулярныя нарысы, публіцыстычныя артыкулы. Апошнія адрасаваны моладзі i прысвечаны развіццю беларускай асветы i культуры.

Педагагічна-асветніцкая спадчына Цёткі грунтуецца найперш на ідэях фарміравання нацыянальна свядомай асобы, на законах хрысціянскай маралі і маральна-этычных напрацоўках народа. Яе вершы, празаічныя творы, творы для дзяцей, публіцыстыка ўвабралі ў сябе ўсё лепшае з педагагічная-выхаваўчай мудрасці народа.

У апошнія гады жыцця Цётка асноўную ўвагу аддавала прозе i публіцыстыцы. Зварот да дзіцячай тэматыкі быў невыпадковым. Цётка адна з першых у беларускай літаратуры пачала пісаць падручнікі для пачатковай школы i перакладаць творы для дзяцей.

Як пачынальніца беларускай асветніцкай справы Цётка не толькі стварыла першы беларускі падручнік, але заклала асновы новай асветнай беларускай методыкі. Яе публіцыстыка стала ўзорам асветна-педагагічных даследванняў першай чвэрці ХХ стагоддзя.

 

ЖУРАВЕЛЬ I ЧАПЛЯ

Жылі сабе па абодвух канцох балота Журавель і Чапля. После стала ім надта маркотна жыць, і вот уздумаў Журавель да Чаплі ў сваты йсці. Ціпяху, ліпяху, сем вярстоў па маху, цераз бор ды ў Чапляў двор.

— Як маешся, Чапля?

— Здароў, Журавель!

— Ці не пойдзеш, Чапля, за мяне замуж?

— А твае ногі доўгі, пер’е каротка, дужа ты брыдкі, не прыпадаеш да майго смаку! Ідзі сабе, дзе быў!

Журавель перабраўся ізноў цераз балота дый прыйшоў у свой двор.

Раздумалася Чапля, што за Жураўля замуж не пайшла. «Дай, — кажа, — пайду да яго і перапрашу».

Ціпяху, ліпяху, сем вярстоў па маху, цераз бор ды ў Жураўлёў двор.

— Здароў, Журавель.

— Як маешся, Чапля?

— Вазьмі мяне замуж за сябе.

— Твая шыя доўга, і сіня, і крывая, і сама ты гарбатая, такой мне не патрэба.

Хаця было і стыдна, аднак Чапля паплялася цераз бор назад у свой двор.

Шкода стала Жураўлю, што не ўзяў Чаплю бедную і зноў пайшоў ён тою самаю дарогаю. Ціпяху, ліпяху, сем вярстоў па маху...

Так цэлы век свой хадзілі яны адзін да аднаго ў сваты і так на абодвух канцох балота асталіся іх хаты.

Горка рэдзька — ды ядуць.

Кепска замужам — ды йдуць,

Хоць за вала, толькі б ў хаце не была!

 

ПРЫКАЗКІ

Дзе кветкі, там і мёд.

Не чапай нікога, не бойся нічога.

Будзіць пара, будзіць і трава.

Пілнуй гаспадаркі, будуць у гаршку скваркі.

Вольнаму воля, шалёнаму поле, а святому рай.

Усякі цыган свайго каня хваліць.

Другіх слухай і свой розум май.

Не ўсё то сонца, што ў ваконца.

У вала язык доўгі, ды гаварыць не можа.

Калі ўлез у дугу, не кажы «не магу».

Сказаў — як звязаў.

Скупы два разы траціць.

Увосень і верабей багаты.

Хто дбае, той мае.

Хто поле троіць, той хлеб кроіць.

Як ты да людзёў, так людзі да цябе.

Любіш ездзіць, любі і саначкі вазіць.

Ранняя птушка зубкі цярэбіць, а позная вочкі трэць.

Загляне сонца і ў наша ваконца.

Свае будзем, калі не паб’ёмся (гаворыцца, калі хто каму на нагу знянацку настуціць або штурханець).

 

ЗАГАДКІ

Стаяць вілы, на валах кадлуб, на кадлубе мігайла, на мягайле маргайла, на маргайле густы ельнік. (Чалавек.)

У агню не гарыць, на вадзе не тонець і па саломе не шасціць. (Цень.)

Стаіць Грыгор паміж гор, віламі падпёрты. (Стоўп.)

Вечарам прыляціць — усю ноч на зямлі праляжыць, а раніцай на неба ізноў паляціць. (Раса.)

Два зайцы рэжуцца, белая кроў ідзе. (Жорны і мука.)

Поўна бочачка віна, нідзе дзюрачкі няма. (Яйка.)

Часам рассяваю, часам я збіраю, сам сыты бываю і людзёў кармлю. (Збожжа.)

Чатыры браты пад аднэй шапкай стаяць. (Стол.)