НЕБЫЛІЧКА-СМЕХАТУНІЧКА
Селі мы
На смехавоз,
І ён хутка
Нас павёз
У краіну
Смехатунню,
У краіну
Рагатунню.
Смехавоз стаў
На хвілінку,
Супыніўся
На прыпынку.
Мы смяяліся,
Забаўляліся,
Бы якія
Смехатунчыкі,
Бы якія
Рагатунчыкі.
Паімчаўся
Смехавоз,
Неўзабаве
Нас прывёз
У краіну
Смехатунню,
У краіну
Рагатунню.
Тут машыны
Дык машынкі —
Пацяшалачкі,
Смяшынкі,
Цеплаходзікі —
Смехаходзікі,
Узлятаюць
Самалёцікі,
І яны ўсе —
Смехалёцікі.
Ну, а дзеці
Не плаксунчыкі,
Усе дзеці —
Весялунчыкі
І ніколькі
Не гультайчыкі,
А дарослым
Памагайчыкі.
Вось і ўся тут
Небылічка,
Гэткая
Смехатунічка.
А. Дзеружынскі
ПАСМЯЁМСЯ РАЗАМ
Косіць сена кашалот,
Паляцеў да зор янот.
Гэта праўда, ты мне вер,
А не верыш — дык правер.
Калі я сказаў не тое,
Пасмяёмся мы абое…
Кіт малоціць на таку,
Меле кракадзіл муку.
Гэта праўда, ты мне вер,
А не верыш — дык правер.
Калі я сказаў не тое,
Пасмяёмся мы абое…
Бегемот палез на дах,
Едзе жаба на каньках.
Гэта праўда, ты мне вер,
А не верыш — дык правер.
Калі я сказаў не тое,
Пасмяёмся мы абое…
У. Мацвеенка
«ДРЫВАСЕК»
(Жарт)
Трэснуў пень,
І ў пень той кот
Ушчаміў свой доўгі
Хвост.
Стогае, круціцца
Бядак,
Хвост не выцягне
Ніяк.
Мыш пытаецца ў ката:
— Ты чаго скрывіўся так?
— Справу важную
Раблю:
Бачыш, пень хвастом
Калю.
Л. Шырын
НЕ ПАСЛУХАЎ
Гаварыла ўсім зайчыха:
— Каб не знаць нікому ліха,
Сябе хораша паводзьце,
Ад мяне не адыходзьце.
Дык жа не! За скокам скок —
I пабег адзін убок.
Ад сям’і сваёй адбіўся,
Загуляўся, заблудзіўся.
А тут цемра наступае,
I сава, чутно, лятае.
Сеў пад кусцік, вушкам водзіць:
Можа, блізка й воўк дзе ходзіць?!
Ах, як страшна, як няўтульна!
Сёстры, брацікі, матуля,
Хто мяне к сабе прытуліць?!
Як адрэзаны акрайчык,
Аказаўся...
Плача зайчык.
Каб не быць няшчасным самым
Ой, як трэба слухаць маму!
СУСЕД
Зімаў шмат і многа лет
Ходзім мы з ім след у след.
Хаця ён і не радня,
А страчаемся штодня.
Можа казкай счараваць.
Дасць канём пакіраваць.
Што лапата, барада
Надвае разложана.
I адна ў нас з ім вада —
З аднаго калодзежа.
Хто такі той дзіўны дзед?
А завецца дзед — сусед.
ЧЫСЦЁХА
Як падлогу падмятала,
Усё чысценька прыбрала.
Са стала змахнула крошкі,
Прыняла ў кут басаножкі.
Цацкі, лялькі, з лялек брошкі
Апынуліся пад ложкам.
А пялёнкі, распашонкі
Пахавала за калонку.
Засвяцілася ўрачыста:
Паглядзіце — ў хаце чыста!
ДАЛІКАТНАЯ
Бярэ пальчыкам анучку
Далікатная унучка.
А каўбаску, як вядзецца,
Есць рукамі, без відэльца.
У. Паўлаў
МЫ З БРАТАМ
Каб у нас была сястра,
Мы б яе не білі,
Каб у нас была сястра,
Мы б яе любілі.
— Я купіў бы ёй свісток!
— Я адвозіў бы ў садок!
— Я аддаў бы шакалад!
— Шакалад? — здзівіўся брат.
Ты дасі... Цукеркаед...
— А ты б даў веласіпед?
Не на жарты — вой-вой-вой! —
Паміж намі ўсчаўся бой.
Брат — герой, і я — герой,
Брат гарой і я гарой!
— Што за бойка, што за драма? —
Супыніў нас голас мамы.
Каб у нас была сястра,
Мы б яе не білі,
Каб у нас была сястра,
Мы б яе любілі.
РЫБАК
Наш Максім рыбак заўзяты,
Печкуроў лавіць аматар.
Для яго рыбалка — свята:
Чарвякоў капае… тата.
А. Пісьмянкоў
ВАЛЕРКА І ТАЛЕРКІ
Неслухмяныя талеркі
З рук пападалі ў Валеркі:
Ён памыць хацеў іх, ды
Толькі шмат займеў бяды,
Бо талеркі — вось канфуз!
Разляцеліся ўсе ў друз.
Купіш клею хоць балею —
Іх цяпер ніяк не склеіш.
Чэша лоб ён:
— Каб жа знаў,
Дык падушку б падаслаў...
НЯЎВАЖЛІВЫ ВОЖЫК
Вожык выехаў з варот,
Едзе па балоце.
Ды забыў пра паварот
Ён на павароце.
I, згубіўшы біты след,
У багну праваліўся,
Утапіў веласіпед,
Сам ледзь не ўтапіўся.
БЕГЕМОТ БЕЗ БОТАЎ
Бегемот — шырокі рот —
Трапіў у балота.
I падумаў бегемот:
«Вось бы зараз боты!
Не мясіў тады б я гразь
Босымі нагамі,
Па куп’і скакаў, бы князь,
Прыткімі скачкамі».
Зажурыўся бегемот
З думкаю пра боты.
I пакрочыў бегемот
Прэч хутчэй з балота.
К. Жук
ЧЫСТАЯ ГРАДКА
Бабуля пагнала
Гусей да ракі,
А Вова рашыў
Прапалоць буракі.
Ён гэтак стараўся,
Што нават спацеў,
Бо працу адкладваць
На дзень не хацеў.
Бабуля прыйшла —
Хлопец проста аж ззяў,
Хоць чорна-зялёны,
Як градка
Стаяў.
— Чаму гэта брудны
Ты, ўнучак, такі?
— А я прапалоў
Табе ўсе буракі.
— Травы там няма,
Не кажы марных слоў.
— Дык я ж не траву —
Бурачкі прапалоў.
I праўда,
Бабуля на градку пайшла —
Ні аднаго бурачка
Не знайшла.
МЕСЯЦ-ЛІХТАРЫК
— Мамачка, мамка, —
Просіць Віталік, —
Купі мне такі,
Як на небе,
Ліхтарык.
— Навошта табе ён,
Я ведаць хачу?
— Той хмаркі патушаць —
Я свой уключу.
РУКАВІЧКІ ДЛЯ СІНІЧКІ
Звязала Насця
Для сінічкі
З пуховых нітак
Рукавічкі.
А як памераць іх,
Не знае:
Сінічка
Тая
Уцякае.
У. Карызна
КОТ У БУФЕЦЕ
У буфет заходзіць кот:
— Калі ласка, бутэрброд
I курынае крыло.
— Ой, калі ж гэта было,
Каб каты ў буфет хадзілі.
Быў жа час — мышэй лавілі, —
Абураецца індык,—
Працаваць кот не прывык.
Кот вышэй узняў галоўку:
— А навошта мышалоўка?!.
БЫЎ У САУНЕ КАМАР
Быў у сауне камар.
Змыў да кропелькі загар.
Запрасіў малечу слон
Загараць на свой шэзлонг.
— Дзякуй, слон,—
Камар смяецца,—
На дваіх не хопіць месца.
ЧАРАПАХА
Запрасіў бабёр аднойчы
Чарапаху ў госці.
Дзень прайшоў, палова ночы —
Не прыходзіць штосьці.
Толькі ранкам, на сняданне,
Госця завітала:
— На сяброўскае спатканне
Вельмі я спяшала.
БОТЫ
Буслу вечарам ліса
Торбу жабаў прынясла.
Просіць:
— Бусел, дай мне боты
Перабрацца праз балоты.
— Ботаў, ліска, не прасі ты,
Бо да ног яны прышыты...
Забірае торбу ліска:
— Я пайду, бо ночка блізка.
«КАШАЧОК»
Кошка грае на раялі —
Кацяняты заскакалі.
Восем лапак скок ды скок,
Слаўны танец «Кашачок».
БАРМАЛЕЙ-ПОВАР
Не шанцуе Бармалею:
У кампот наліў алею,
Кашу цукрам пасаліў,
Спатыкнуўся — боршч разліў.
ВАГА ПАДВЯЛА
Мядзведзь узяў у пчол мядок.
Схаваў пад лаваю збанок.
На лаву сеў і — праваліўся.
Збанок на часткі разваліўся.
ЗВАНОЧАК ДЛЯ КАТА
Прыбегла мышка
Ў магазін:
— Прадайце
Званочак адзін.
— Навошта?
— На шыю катку,
Каб чуць,
У якім ён кутку.
НЕ МАГУ ЗЛЯПІЦЬ
Я зляпіла з пластыліну
Віні-Пуха, Бураціна,
Чабурашку, бегемота,
Пуму, зебру і янота,
А старую Шапакляк
Не магу зляпіць ніяк.
Не шкада —
Бяда малая:
Шапакляк такая злая.
ТРЫ РУКІ
У Валодзі тры рукі —
Так рашылі сябрукі.
Першая — працаўніца,
Другая — жартаўніца,
Трэцяя — заграбніца,
Пільных вачэй баіцца.
Сорам яна хлапечы —
Любіць чужыя рэчы.
Н. Галіноўская
ЗАЙКА З БІЛЕТАМ
Зайка едзе на трамваі,
Думу думае,
Гадае:
— Ёсць білет у мяне,
Заяц я цяпер ці не?
Дружа Вожык,
Адкажы.
— Ты — заечы пасажыр.
С. Марчанка
ЛАСЫ НА КІЛБАСЫ
— Дзе ты, Коцік?
— Мяў, мяў, мяў!
Я ледзь мышку
Не спаймаў.
Ды вось мышка
Падманула,
Доўгім хвосцікам
Вільнула
I імгненна —
Ў норку — скок...
Я было за ёй
Пагнаўся,
Але вось ні з чым
Застаўся...
— Дзе ты, Коцік?
— Мяў, мяў, мяў!
Я ледзь рыбку
Не спаймаў.
Мяне рыбка
Падманула,
Слізкім хвосцікам
Вільнула
I дала нырца
Углыб...
Я было за ёй
Пагнаўся,
Але вось... ні з чым
Застаўся.
— Дзе ж ты, Коцік?
— Мяў, мяў, мяў!
Я ледзь птушку
Не спаймаў...
Мяне птушка
Падманула,
Вёрткім хвосцікам
Вільнула,
Асама
Ў паветра — пырх...
Я было за ёй
Пагнаўся,
Але зноў ні з чым
Застаўся.
— Слухай, Коцік!
— Мяў, мяў, мяў!
Што ты тут
Навыдумляў?
Лепш скажы ты,
Калі ласка,
Дзе падзелася
Каўбаска?
У. Мацвеенка