Search
Пятница 19 Апрель 2024
  • :
  • :

Кантакты ўзбагачаюць і збліжаюць

З 30 верасня па 3 кастрычніка ў нашай рэспубліцы працаваў III з’езд настаўнікаў і работнікаў адукацыі краін-удзельніц Садружнасці незалежных дзяржаў.

Мінск прыняў своеасаблівую эстафету ад Астаны (Казахстан) і Ерэвана (Арменія), дзе ў 2010 і 2012 гг. адбыліся два папярэднія форумы. На працягу чатырох дзён удзельнікі і госці сёлетняга з’езда наведалі не толькі сталіцу, але і рэгіёны Беларусі, дзе пазнаёміліся з работай калег, культурнымі аб’ектамі і гістарычнымі мясцінамі. Як падкрэсліў у сваім выступленні на форуме Міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь С.А. Маскевіч, прадстаўнікоў краін СНД у галіне хвалююць аднолькавыя праблемы: захаванне гістарычных традыцый нашых народаў, фарміраванне духоўна-маральных каштоўнасцей, актыўнай грамадзянскай пазіцыі ў моладзі, прафесійная кампетэнтнасць педагогаў і павышэнне іх прэстыжу ў грамадстве,  якасці адукацыі, распрацоўка механізмаў і інструментарыя аб’ектыўнага ацэньвання ўзроўню ведаў. Асноўныя напрамкі сумеснага вырашэння ўказаных праблем знайшлі адлюстраванне ў выніковым дакуменце — рэзалюцыі з’езда.

Акрамя настаўнікаў, выхавальнікаў устаноў дашкольнай адукацыі, выкладчыкаў ВНУ і метадыстаў, сваімі набыткамі дзяліліся выбітныя грамадскія дзеячы, прадстаўнікі органаў кіравання сферай адукацыі, выдавецтваў і сродкаў масавай інфармацыі азначанай накіраванасці з краін СНД. Сярод удзельнікаў форуму быў і карэспандэнт нашага часопіса. Натуральна, што асаблівую ўвагу рэдакцыя надала пленарным пасяджэнням і рабоце секцыі “Самакаштоўнасць дашкольнага дзяцінства” на чале з начальнікам аддзела дашкольнай адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь А.Л. Давідовіч. Справаздачу са з’езда “Пралеска” плануе  апублікаваць у лістападаўскім нумары.