Search
Пятница 29 Март 2024
  • :
  • :

Лесік быў надзвычай рады пагасціць у дзіцячым садзе

 

4—5 красавіка ў Мінску адбылася Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «II Еўрапейскія гульні — 2019: псіхолага-педагагічныя і медыка-біялагічныя аспекты падрыхтоўкі спартсменаў». На адкрыцці форума прысутнічалі Міністр адукацыі І.В. Карпенка, Міністр спорту і турызму С.М. Кавальчук. Больш за 200 навукоўцаў, прадстаўнікоў устаноў адукацыі, спартыўных школ і федэрацый па відах спорту з Расійскай Федэрацыі, Арменіі, Балгарыі, Польшчы, Літвы, Латвіі, Кітайскай Народнай Рэспублікі і іншых краін абмяркоўвалі перспектывы развіцця індустрыі спорту, турызму і гасціннасці, алімпійскай адукацыі, фізічнай культуры і здароўя.

Другі дзень канферэнцыі быў прысвечаны рабоце секцый. У прыватнасці, на базе ясляў-сада № 25 г. Мінска адбылося секцыйнае паседжанне «Алімпійская адукацыя ва ўстановах дашкольнай адукацыі». Ганаровымі гасцямі мерапрыемства былі І.І. Гуслістава — дэкан спартыўна-педагагічнага факультэта масавых відаў спорту Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры, дацэнт, Старшыня Прэзідыума рэспубліканскай грамадскай арганізацыі «Беларуская алімпійская акадэмія», намеснік Старшыні Пастаяннай Камісіі Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі па культуры, алімпійскай адукацыі і развіццю студэнцкага спорту, Т.Ю. Логвіна — прафесар кафедры лячэбнай фізічнай культуры і фізічнай культуры дашкольнікаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры, кандыдат педагагічных навук, дацэнт.

З поспехам прайшло спартыўнае свята «На старце яркіх перамог», прысвечанае II Еўрапейскім гульням. Спачатку сюды прыляцела маленькае бусляня, якое на сваіх крылах прынесла прывітанні з абласных цэнтраў Беларусі. Гэта дазволіла гасцям і ўдзельнікам мерапрыемства здзейсніць кароткае віртуальнае падарожжа па нашай краіне і ўпэўніцца ў гатоўнасці да міжнароднага форуму. Старт саперніцтву двух каманд юных спартсменаў даў факельшчык. Лёгкая атлетыка, веласпорт, бадмінтон, веславанне— ва ўсіх гэтых і іншых відах спорту паспрабавалі свае сілы выхаванцы ясляў-сада № 25 г. Мінска. Адначасова яны дэманстравалі добрае веданне спартыўных аб’ектаў II Еўрапейскіх гульняў.

Маленькіх атлетаў падтрымлівалі валанцёры — студэнты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры, якія выступілі з паказальніымі нумарамі ў перапынках. Свае таленты прадэманстравалі і выхаванцы ўстановы дашкольнай адукацыі, яны спявалі, танцавалі, шчыра падтрымлівалі сваіх сяброў.

Асобы настрой і рытм спаборніцтвам надаў няўрымслівы Лесік — яркі талісман II Еўрапейскіх гульняў, які стаў цэнтрам прыцягнення для ўсіх дзяцей і дарослых. Жвавае, рухомае, вясёлае лісяня натхніла на заняткі спортам нават казачнага Воўка, а таксама дапамагала падтрымліваць пазітыўны настрой усім удзельнікам мерапрыемства. Яны выказалі шчырую падзяку калектыву ясляў-сада № 25 г. Мінска за сапраўдны майстар-клас па далучэнні да ідэй алімпійскага руху дзяцей дашкольнага ўзросту, іх маральнаму і патрыятычнаму выхаванню. Пасля завяршэння мерапрыемства юныя алімпійцы атрымалі ў падарунак інтэрактыўны стэнд «Алімпішкін куток» і памятныя прызы.