СОНЕЧНЫ САД ДЛЯ ДЗЯЦЕЙ
Першы дзіцячы сад, пабудаваны прыватнай кампаніяй, з’явіўся на Міншчыне ў жылым квартале «Зялёны бор» побач з пасёлкам Бараўляны. 3 вышыні птушынага палёту ён нагадвае сонца з аранжавымі промнямі.
Установа разлічана на 150 выхаванцаў. Яна адрозніваецца ад раней існуючых тыпавых пабудоў узроўнем камфорту і бяспекі. Напрыклад, пакоі абсталяваны мэбляй з закруглёнымі вугламі, а батарэі ацяплення пакрыты спецыяльным матэрыялам ад апёкаў. Усе групы ўкамплектаваны сістэмай відэаназірання, якая працуе кругласутачна.
Падчас цырымоніі адкрыцця губернатар Мінскай вобласці Сямён ШАПІРА адзначыў, што гэта падарунак дзецям ад прадстаўнікоў бізнесу, якія сёння ўкладваюць усё больш сродкаў у развіццё краіны, яе будучыні. Супрацоўніцтва кампаніі з дзяржавай сведчыць пра тое, што ёсць магчымасць рухацца ў адным кірунку, быць спадарожнікамі.
Кампанія «А-100 Дзевелапмент» добра вядомая на айчынным рынку будаўніцтва, у тым ліку і жылля, валодае разгалінаванай сеткай заправачных станцый. Па словах старшыні праўлення Аляксандра ЦЭНТЭРА, за 20 гадоў пабудавана каля 60 аб’ектаў, але ніводзін з іх не ўзводзіўся з такім энтузіязмам, як дзіцячы сад. Гэта першы падарунак дзецям, але не апошні. Праект дашкольнай установы абыйшоўся прыкладна ў 3 млн долараў.
На тэрыторыі Мінскага раёна актыўна будуюцца жыллёвыя кааператывы, вядзецца індывідуальная забудова, павялічваецца колькасць маладых сем’яў з дзецьмі. Агульная чарга ва ўстановы дашкольнай адукацыі складае 2 810 чалавек. Гэты сад у прысталічным рэгіёне стаў 54-м па ліку, што дазволіла скараціць чаргу і забяспечыць работай 40 чалавек.