Вераніка АСТАШОВА,
намеснік загадчыка
па асноўнай дзейнасці,
яслі-сад «Вясёлка» аг.Мышкавічы
Кіраўскага раёна Магілёўскай вобласці
Дашкольнае дзяцінства — спрыяльны перыяд для развіцця ў дзяцей цікавасці да роднага краю, нацыянальнай гісторыі і культуры, усведамлення сваёй прыналежнасці да малой радзімы, краіны. Таму сярод асноўных задач работы нашай установы дашкольнай адукацыі — выхаваць грамадзяніна, які любіць і ведае свой аграгарадок і ўсё, што з ім звязана.
Адным са сродкаў патрыятычнага выхавання дзяцей дашкольнага ўзросту з’яўляецца створаная настольная мема-гульня «Мая малая радзіма — Мышкавічы», мэта якой — сабраць як мага больш пар картак з аднолькавай выявай і даць звесткі пра выдатныя мясціны і знакавыя месцы аграгарадка. Гульня спрыяе фарміраванню ўяўленняў пра малую радзіму, выхаванню патрыятычных пачуццяў, павышэнню цікавасці выхаванцаў да гісторыі роднага краю, прызначана для дзяцей 5—7 гадоў. Пошук парных картак выдатна трэніруе памяць, прасторавае мысленне і ўвагу выхаванцаў. Некаторыя варыянты правіл мема-гульні дапамагаюць развіваць хуткасць і ўважлівасць. А самае галоўнае, гэта настольная гульня вучыць зносінам і дазваляе весела бавіць час.
У камплекце 25 пар ламініраваных картак 93×65 мм з кардону з фотаздымкамі выдатных мясцін і знакавых месцаў Мышкавічаў, скрыня для іх захоўвання і буклет, у якім у адпаведнасці з нумарацыяй на картках падбіраецца апісанне аб’ектаў аграгарадка.
Колькасць удзельнікаў — ад 2 да 5. Перамагае той, хто набраў больш парных картак.
Для гульні існуе некалькі варыянтаў правіл:
Кожны гулец па чарзе перагортвае любыя дзве карткі, каб усе ўбачылі змешчаныя на іх выявы, і імкнецца знайсці пару. Калі выявы на картках аднолькавыя, то ён забірае іх сабе і працягвае гульню, пакуль знаходзіць пары картак. Калі выявы на картках не супадуць, то ход пераходзіць да наступнага гульца.
«Знайдзі!»
Гэты варыянт больш накіраваны на ўважліваць. Гульцы па чарзе переварочваюць толькі па адной картцы. Як толькі на стале з’явіцца пара, хуткі і ўважлівы гулец імкнецца як мага хутчэй схаваць рукой тую картку, якую выявілі першай, і гучна прамовіць: «Знайшоў (Знайшла)!». Пасля гэтага ён забірае пару сабе. Калі гулец паспяшаўся і прыкрыў не тую картку, то згодна правілам, яму трэба аддаць у агульную скрыню сабраную пару картак ці прапусціць ход, калі яе няма ў наяўнасці.
«Спрытныя пальцы»
Карткі хутка высыпаюць на стол, пры гэтым яны апыняюцца ў розным становішчы: выявы ўверх, уніз, могуць выглядаць з-пад іншых картак. Цяпер неабходны ўважлівасць і хуткасць! Важная ўмова — шукаць парныя карткі можна толькі адначасова па сігнале педагагічнага работніка, а не адну за адной! Падчас гульні карткі можна пераварочваць і нават вяртаць у ранейшае становішча, каб ускладніць задачу сапернікам. Калі два гульцы адначасова выбралі карткі з адной пары (адзін — першую, другі — другую), то гэта пара выбывае з гульні. Калі гулец памыліўся і ўзяў няпарныя карткі, яму трэба вярнуць у агульную скрыню сабраную пару картак ці прапусціць ход, калі яе няма ў наяўнасці.
Пасля таго як усе пары сабралі, гульцы распавядаюць пра выдатныя мясціны і знакавыя месцы Мышкавічаў, выявы якіх змешчаны на іх картках. Пры неабходнасці педагагічны работнік можа ўдакладніць іх аповед згодна інфармацыі буклета.
Простая і займальная мема-гульня «Мая малая радзіма — Мышкавічы» стала для нашых выхаванцаў іскрай, якая запальвае агеньчык дапытлівасці і цікавасці.
Вось некаторыя з ліку выдатных мясцін Мышкавічаў.
- «Мемарыял славы»
З’явіўся ў 1983 годзе, гэта помнік 132 жыхарам 10 вёсак калгаса «Рассвет» імя К.П. Арлоўскага, якія загінулі ў час савецка-фінскай вайны 1939—1940 гг. і Вялікай Айчыннай. У цэнтры мемарыяла — скульптура жанчыны на фоне разгорнутых пунсовых сцягоў. У яе паднятых руках — аўтамат і лаўровая галіна. Па задуме аўтара (Г. Заборскага) — гэта сімвал Перамогі савецкага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
- «Помнік Кірылу Пракопавічу Арлоўскаму»
Бюст размешчаны на плошчы каля Дома культуры. Пастаўлены на ўшанаванне памяці былога старшыні калгаса «Рассвет», ураджэнца вёскі, Героя Савецкага Саюза, Героя Сацыялістычнай Працы К.П. Арлоўскага.
- «Гадзіннікавая вежа»
Размешчана перад адміністрацыйным комплексам. Адначасова нагадвае і званіцу-капліцу, і колас, і класічны савецкі абеліск з зоркамі, сярпамі, молатамі і ордэнамі (архітэктар Г. Заборскі).
- «Дзіцячы амфітэатр»
/
Знаходзіцца на тэрыторыі ўстановы дашкольнай адукацыі, выкарыстоўваецца падчас агульных мерапрыемстваў, свят для выхаванцаў.
- «Дом культуры»
Будынак (архітэктар Г. Заборскі) размешчаны ў цэнтры аграгарадка. Там ёсць зала для гледачоў на 600 месцаў, бібліятэка, спартыўная і танцавальная залы, школа мастацтваў, музей СВК «Рассвет» імя К.П. Арлоўскага, зімні сад з фантанамі, дзе растуць фінікавыя пальмы, бананавыя дрэвы і іншыя трапічныя расліны.
- «Біягазавы комплекс»
Самы магутны ў краіне і другі па магутнасці ў Еўропе. Газ, які вылучаюць са спецыяльнай біямасы, перапрацоўваюць у цеплавую і электрычную энергію. Частка электрычнай энергіі ідзе на продаж, а цеплавую выкарыстоўваюць на патрэбы гаспадаркі, у першую чаргу на абагрэў цяпліц.
- «Фантан»
Размешчаны на цэнтральнай плошчы каля гандлёвага цэнтра, мае падсветку, дэкарыраваны мазаікай.