Search
Sunday 16 November 2025
  • :
  • :

Навучанне нямецкай мове ва ўстановах дашкольнай адукацыі

Артыкул прысвечаны актуальнай тэме вывучэння нямецкай мовы ва ўстановах дашкольнай адукацыі. У ім разглядаюцца асаблівасці вывучэння нямецкай мовы дзецьмі дашкольнага ўзросту, каротка прадстаўлены распрацаваны вучэбна-мэтадычны комплекс для дашкольных устаноў «Wonderland».

Ключавыя словы: ранняе навучанне замежнай мове, вучэбна-метадычны комплекс, нямецкі, аўдыёдапаможнік.

The article is dedicated to actual theme of learning of German in the preschool educational institutions. The characteristics of learning of German in the preschool age is treated in this article. The educational-methodical complex for preschool educational intuitions «Wonderland» is presented too.

Key words: the early learning of foreign language, the educational-methodical complex, German, audiobook.

У сучасным дынамічным грамадстве ўсё больш значна прасочваецца тэндэнцыя да інтэграцыі розных сфер дзейнасці чалавека. Сёння развіццё рознабаковых адносін з іншымі краінамі зрабіла валоданне замежнымі мовамі сапраўды запатрабаваным.

Зараз у многіх установах дашкольнай адукацыі, цэнтрах развіцця дзеці з ранняга ўзросту знаёмяцца з замежнай мовай. Інтэгратыўныя заняткі даюць дадатковыя магчымасці для рознабаковага выхавання дзяцей дашкольнага ўзросту, развіцця маўленчых і агульных здольнасцей.

Актуальнасць праблемы заключаецца яшчэ і ў неабходнасці максімальна выкарыстоўваць сензітыўны перыяд для вывучэння замежнай мовы. Псіхолагі вызначаюць дашкольны ўзрост як найбольш спрыяльны перыяд для гэтага віду дзейнасці. Ранняе навучанне замежнай мове развівае псіхічныя функцыі дзіцяці, задавальняе яго пазнавальныя патрэбы, выклікае цікавасць да моўнай і культурнай разнастайнасці свету, павагу да мовы і культуры іншых народаў, спрыяе развіццю камунікатыўна-маўленчых здольнасцей. Навучанне дзяцей дашкольнага ўзросту — гэта няпростая справа, якая патрабуе зусім іншага метадычнага падыходу, чым навучанне школьнікаў. Гульня тут павінна з’яўляцца вядучым метадам навучання. Паспяховае авалоданне замежнай мовай становіцца магчымым яшчэ і таму, што дзяцей адрознівае больш гібкае і хуткае, чым на наступных узроставых этапах запамінанне моўнага матэрыялу. Акрамя таго, дзеці дашкольнага ўзросту не маюць так званага моўнага бар’еру — страху, які перашкоджвае ўступіць у размову на замежнай мове, нават пры наяўнасці неабходных навыкаў, параўнальна невялі-кага вопыту зносін на роднай мове. Гульня, як галоўны від дзейнасці, дазваляе зрабіць камунікатыўна каштоўнымі практычна любыя моўныя адзінкі. Усё гэта дае магчымасць у раннім узросце аптымальна спалучаць камунікатыўныя патрэбы і магчымасці іх выказвання на замежнай мове, і гэтым самым пазбегнуць істотнай супярэчнасці, якая ўзнікае пры больш познім пачатку навучання замежнай мове — міжкамунікатыўнымі патрабаваннямі навучэнца (яго жаданні шмат чаго даведацца і сказаць абмежаваным маўленчым вопытам). Дзеці да-школьнага ўзросту валодаюць добрым маўленчым слыхам і памяццю. У іх
добра развіта эмацыянальна-вобразнае ўспрыманне мовы. Форма слова, яго гукавая абалонка, складнасць і рытмічнасць маўлення, прыгажосць і выразнасць гучання для дзяцей гэтага ўзросту больш важныя, чым лексічнае значэнне і граматычная правільнасць. Дзеці дашкольнага ўзросту ў сваёй большасці дастаткова камунікабельныя і пазбаўлены тых шматлікіх комплексаў, якія становяцца псіхалагічным бар’ерам для многіх дарослых у авалоданні замежнай мовай.

Сучасная вучэбная праграма да-школьнай адукацыі прадугледжвае дадатковыя паслугі «Замежная мова», што не прыводзіць да ізаляцыі гэтай дысцыпліны ад цэласнага працэсу развіцця дзяцей ва ўстановах дашкольнай адукацыі.

На сённяшні дзень у Беларусі ёсць толькі адзін вучэбна-метадычны комплекс для дашкольнікаў па вывучэнню англійскай мовы. Між тым наша краіна мае значныя эканамічныя, грамадскія і культурныя стасункі з нямецкамоўным грамадствам. Нямецкая мова з’яўляецца найбольш распаўсюджанай у Еўропе (роднай яе лічаць больш за 100 мільёнаў чалавек).

У нашай краіне ва ўстановах дашкольнай адукацыі нямецкая мова вывучаецца толькі ў 32 групах, што складае ўсяго 1,6% ад іх агульнай колькасці. Разам з тым ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі нямецкую мову вывучаюць 15,4% (111 740 вучняў). Таму і паўстала задача распрацаваць методыку навучання дзяцей дашкольнага ўзросту нямецкай мове. Падрыхтаваны прыкладны макет вучэбна-метадычнага комплексу для дзяцей 5—7-мі гадоў.

Комплекс «Нямецкая мова для да-школьнікаў “Wonderland”» складаецца з трох частак: вучэбна-наглядны дапа-можнік, вучэбна-метадычны дапамож-нік, аўдыёдапаможнік з метадычнымі рэкамендацыямі. Дапаможнік прызначаны для навучання дзяцей нямецкай мове ва ўзросце 5—7-мі гадоў з абмежаваным лексічным і граматычным матэрыялам, пад кіраўніцтвам выкладчыка ва ўстанове дашкольнай адукацыі ці бацькоў у сям’і. Змест дапаможніка забяспечвае фарміраванне такога набору маўленчых уменняў і на-выкаў, якія неабходны для паспяховай камунікацыі на замежнай мове, характэрнай для дзяцей гэтага ўзросту. Для навучання дзяцей 5—7-мі гадоў мы прапануем такі аб’ём праграмы, каб дзеці да школы авалодалі лексічным мінімумам па наступных тэмах:

  • сям’я;
  • часткі цела чалавека;
  • лік да 10;
  • колер;
  • свет жывёл;
  • дзіцячы сад;
  • цацкі.

Дапаможнік складаецца з тэматычных блокаў, якія адлюстраваны ў змесце. У самым пачатку дапаможніка ўводзяцца словы-інтэрнацыяналізмы. Матэрыял ярка ілюстраваны, падаецца ў выглядзе кароткіх вершаў, рыфмовак, песень і лічылак.

Шмат увагі надаецца выкарыстанню музычнага суправаджэння навучання. Так, у аўдыёдапаможніку прадстаўлены песні на нямецкай мове для праслухоўвання і развучвання дадаткова да тэм вучэбна-нагляднага дапаможніка, таксама песні, якія магчыма выкарыстоўваць падчас фізкультурных хвілінак.

Пра рухавую актыўнасць дзяцей да-школьнага ўзросту ў час заняткаў па замежнай мове трэба сказаць асобна. У справе вывучэння замежнай мовы з дзецьмі дашкольнага ўзросту мы маем добрага памочніка — гэта дзіцячая непаседлівасць і рухавасць. Здаровае дзіця не сядзіць на месцы, яно скача, танцуе, заўсёды рухаецца. Гэтую натуральную цягу дзяцей да рухання цалкам магчыма выкарыстоўваць для паспяховага навучання замежнай мове ў дашкольным узросце. Прапануем шэраг практычных гульняў, якія таксама можна выкарыстоўваць на занятках па нямецкай мове.

На пачатковым этапе выкарыстоўваем самыя простыя гульні, спачатку ўжываем родную і замежную лексіку, паступова пераходзячы толькі на замежную.

Прыклад 1

Гульня накіравана на засваенне частак цела чалавека і дзеясловаў руху.

Педагог рухаецца з дзецьмі па памяш-канні. У першым крузе гульні ён з’яўляецца вядучым, які падае знак і называе формы рухаў:

  • «Вазьміцеся за свае Ohren (Knien, Nase, Füe, Elenbogen…)!»
  • «Скачыце на auf dem rechten/linken Bein!»
  • «Ідзіце zur Tafel (zu einem Fenster, an deinen Platz…)!»

Мяняем вядучага і даём дзеясловы на нямецкай мове:

  • «Fasse an deine Ohren (Knien, Nase, Füße, Elenbogen…)!»
  • «Springe auf dem rechten/linken Bein!»
  • «Gehe zur Tafel (zu einem Fenster, an deinen Platz…)!»

Прыклад 2

Гульня на засваенне ступеняў параў-нання прыметнікаў.

Педагог называе прыметнік, затым — ступень параўнання і паказвае яе адпаведным рухам. Дзеці паўтараюць за ім.

Возьмем нямецкі прыметнік «вялікі» — groß.

Педагог называе пачатковую форму прыметніка groß — дзеці садзяцца;

  • вышэйшую größer — устаюць;
  • найвышэйшую am größten — становяцца на дыбачкі і падымаюць рукі ўверх.

Цалкам зразумела, што існуюць пэўныя адрозненні навучання нямецкай мове ў школе і дзіцячым садзе. У першую чаргу гэта тычыцца меншай працягласці заняткаў і больш частай змены відаў дзейнасці. Рэкамендуецца праводзіць заняткі з дзецьмі дашкольнага ўзросту не больш за 20—30 хвілін. Вельмі важна кожныя 7—8 хвілін змяняць від дзейнасці.

Галоўнымі мэтамі ў навучанні дзяцей дашкольнага ўзросту замежнай мове з’яўляюцца:

  • фарміраванне навыкаў зносін на замежнай мове;
  • уменне карыстацца замежнай мовай для дасягнення сваіх мэтаў;
  • выказванне думак і пачуццяў у реальна ўзнікаючых сітуацыях;
  • стварэнне станоўчай устаноўкі на далейшае вывучэнне замежнай мовы;
  • прабуджэнне цікаўнасці да жыцця і культуры іншых краін;
  • развіццё лінгвістычных здольнасцей дзяцей.

Асноўнымі прынцыпамі навучання дзяцей дашкольнага ўзросту замежнай мове з’яўляюцца:

  • навучанне без прымусу;
  • навучанне праз гульню;
  • ад простага да складанага;
  • станоўчы эмацыянальны настрой;
  • накіраванасць на актыўную камуні-кацыю.

Навучанне дзяцей дашкольнага ўзросту замежнай мове спрыяе развіццю пазнавальнай і сацыяльнай актыўнасці, самастойнасці і ўпэўненасці ў сваіх сілах, увагі, творчай самастойнасці, пазнавальных здольнасцей, памяці, падрыхтоўцы да школы.

Дапаможнік можа быць выкарыстаны для работы з дзецьмі як ва ўстановах дашкольнай адукацыі, так і ў сям’і. Мы жадаем усім удзельнікам працэсу авалодання нямецкай мовай поспехаў ці, як кажуць па-нямецку, Viel Spa!

Паступіла ў рэдакцыю 09.02.2015 г.

Літаратура:

  1. Müller, R. Bewegte Schule. St. Augustin: Academia, 2006.
  2. Ortner, B. Alternative Methoden im Fremdsprachenunterricht. Lerntheorethicher Hintergrund und praktiche Umsetzung. Ismaning: Max Hueber Verlag, 1998.
  3. Schminder, S. Bewegter DaZ-Unterricht mit Kindern und jugendlichen Lerrnen. Magisterarbeit. Universität Leipzig: Herder Institut, 2008.
Аляксандр Каспяровіч,
дэкан факультэта дашкольнай адукацыі,
кандыдат гістарычных навук,
Наталля Каспяровіч,
выкладчык кафедры замежных моў,
Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка