Search
Thursday 14 November 2024
  • :
  • :

Скарбонка восень

 

Бабіна лета

Бела-бела ў полі чыстым.
Над зямлёю паднялося
Многа нітак серабрыстых,
Што напрала сёння восень.

Бабіна, як кажуць, лета
Так іскрыцца сівізною,
Светлым сонейкам сагрэта,
Плыве-кружыць над зямлёю.

Неўзабаве шоўку ніці
Восень зноўку згорне ў жмені,
Будзе для зімы-сястрыцы
Ткаць прыгожае адзенне.

                          В. Швед

 

Багаж восені

(Гульня)

 В я д у ч ы:

— Восень едзе. Свята ў нас.
Адчыняйце дзверы.

А які вязе багаж?

Д з е ц і:

Зараз мы праверым.
В о с е н ь:

Раскажу я вам сама.

Часу мала страчу.

Вельмі доўгая зіма —

Шмат патрэбна харчу.

Д з е ц і:

Што прывезла, раскажы.
В о с е н ь:

Я прывезла вам мукі.

Будуць булкі, праснакі,

I кулеш, і калачы,

Пірагі і кулічы.

Д з е ц і:

Што яшчэ ёсць, пакажы?

В о с е н ь:

Ёсць капуста, агуркі,

Бульба, морква, буракі.

Д з е ц і:

Што яшчэ, спытаць дазволь?
В о с е н ь:

Гарбузы, часнок, фасоль,
Многа бобу і гароху

I сяго-таго патроху.

Д з е ц і:

Шчыры дзякуй наш прымі,
Восень-працаўніца.

Мы павінны да зямлі
Табе пакланіцца.

Ты — багатая. I мы
Блаславім прыход зімы.

В о с е н ь:

Лепей вы мяне, сябры,
Песнямі пацешце

I усе мае дары
З апетытам ешце.

                            Н. Галіноўская

 

Скарбонка восень

На зямлі ― скарбонка восень.
У яе выгодаў восем.
Назапасіла грыбоў
Для вавёрак і яжоў.

***
Адыходзіць лета,
Фарбамі адзета.

***
Адбуялі краскі лета
Толькі успамін пра гэта.
І рамонкі, і ўюнкі
Помняць летнія дзянькі.

***
Зніклі з поля капы жыта.
Поле восенню спавіта.
Сена звезена з лугоў,
Конь у стойла стаць гатоў.

***
Зжатае жыта
Бусламі абжыта.

***
Шчодра восень.
За стол просім!

***
Мышы восеньскай парой
На палях вядуць разбой.

***
Восень дорыць пазалоту
І у ясны дзень, і ў слоту.

***
Мяне ўвосень моцна вабіць
Наліўны духмяны яблык.

***
Вельмі хутка, неўпрыкметку
Пралятаюць дні улетку.
Калі ўвосень шэра, брудна,
Крочаць цяжка і марудна.

***
Між бяроз, арабінаў і сосен
Прайшла чарадзейкаю восень.

***
Як сабрана ажына,
Хутка спее збажына.

***
Спі зімою без журбы,
Калі ўвосень ёсць грыбы.

***
Не змяшчаюцца ў тазы
Гадаванцы ― гарбузы.

                        Л. Сівурава

 

Восень

Восень падарыла
Людзям парасоны,
Лес пазалаціла
Фарбаю чырвонай.

                     Л. Дайнека

 

Залатая восень

Залатая восень ходзіць па гаях,

Золатам прыбрала кроны на дубах.

Пажаўцела лісце трапяткіх асін,

Чырванню палаюць гронкі арабін.

 

Полымем барвовым разгарэўся клён,

За раку на сосны паглядае ён.

Вельмі ён зайздросціць, бо зялёны ўбор

Нават і зімою не мяняе бор.

                                       А. Дзеружынскі

 

Едзе восень

Змоўкла наваколле,

Лес адгаманіў.

Едзе восень полем

На рабым кані.

 

Лісце сыпле ў ногі —

Высцілае шлях.

Гушкае дарога.

Мулкая зямля.

 

А за сінім борам —

Я разгледзеў сам —

Сядзе ў санкі скора

Белая зіма.

                     В. Рабкевіч

 

Восень, восень залатая

Восень, восень залатая

Сее радасць на зямлі,

Хмарка ў сінім небе тае,

Мкнуць у вырай жураўлі.

Ніткай срэбнай павуцінне

Ў косах сонейка блішчыць.

Што за цуднае зіхценне!

Што за ціш вакол стаіць!

Я іду лясною сцежкай,

Як па мяккім дыване.

Восень з ветлівай усмешкай

На спатканне выйшла мне.

Ярка, хораша прыбрала

Ўсюды дрэвы і кусты

I зямлю памалявала

Ў колер жоўта-залаты.

                         С. Новік-Пяюн

 

Лістапад

З буйных ліп і бяроз

Лісты валяцца.

Між павалаў і лоз

Рассыпаюцца.

Шапацяць, шалясцяць

Залацістыя,

Ўвысь галінкі глядзяць

Пусталістыя.

А як прыйдзе вясна —

Ўсё адменіцца,

І галінкі ізноў

Зазяленяцца.

                         Я. Купала

 

Восень

(урывак)

Шумяць па-асенняму

Пушча і бор;

На дрэвах, кустах —

Залацісты ўбор.

 

Заможная восень

Прыйшла ў калгас,

Дарамі багатымі

Радуе нас.

 

На полі калгасным

Вялікі ўраджай.

Ляціць аб ім слава

На ўвесь родны край.

                            Я. Журба

 

Колеры восені

Пафарбавала восень

Клёны

У колер жоўты

І чырвоны.

На спелых гронках

Арабіны —

Бялюткіх нітак

Павуціна.

А за сцяжынкай

Паглядзі ты —

Зялёнай руні

Аксаміты.

І немагчыма

Надзівіцца

На восень —

Цуда-чараўніцу...

                       В. Шымук

 

У лесе

Мохам, ядлоўцам і смолкай

пахне ад цёплай зямлі,

колюць зялёныя голкі,

лётаюць важна чмялі.

 

Колькі б вы казак ні чулі,

колькі б ні зналі забаў —

лепшыя казкі і гульні —

у лесе, між елак і траў.

                              В. Вярба

 

Восень

О хараство асенніх дзён празрыстых,

Бязгутарнасць прыроды і спакой.

Урачыста полем з пушчаў залацістых

Прыйшла туга і пала над вадой.

 

А там застыла яснасць даляў чыстых

Над цёмнай рунню й чорнай цаліной,

І холад лёгкі ў косах прамяністых

Разліла сонца хваляй нежывой.

 

Наўкол сляды павольнага канання

І веліч нетутэйшага маўчання.

Прымаю корна сон зямлі азурны.

 

І летуціцца сцішанай душы

Такі ж спакой, халодны і бязбурны,

І адцвітанне яснае ў цішы.

                                 У. Жылка

 

Верасень

І туманныя слівы, і яблыкі — вось яны —

На саломе ляжаць у іскрынках расы,

Пахнуць мёдам і верасам сонечнай восені,

I рыпяць па дорогах цяжкія вазы.

 

Халадком задыміліся травы збуялыя.

З агародаў паўзуць праз платы гарбузы,

Шамаціць на іржэўніку лісце апалае,

І рыпяць па дорогах цяжкія вазы,

 

Аж здаецца, зямля пацяжэла за верасень,

Падабрэла, прыціхла ў асенняй красе.

Чалавек ёй з маленства да скону даверыўся, —

Пра яе і турботы, і клопаты ўсе.

 

I яна адарыла пладамі багатымі

Працавітыя рукі шчаслівых людзей.

Чырванеюць рабіны над новымі хатамі,

Спелы верасень з мёдам і хлебам ідзе.

                               С. Грахоўскі

 

Восень

Пуста ў лузе. Толькі стогі

Парыжэўшыя стаяць,

Ды шпакі каля дарогі

Цэлы дзень адно крычаць.

 

Грэчка зжата. Гола ў полі.

Жыта звезена даўно.

Толькі плаваюць на волі

Кучы хмар, як валакно.

 

Дожджык сее беспрастанку;

Вецер свішча так, як звер...

Колькі лужын каля ганку!

А гразі, гразі цяпер!

 

Ссохлі травы, ўсё павяла.

Слоць, плюхота, холад, цьма.

Эх, скарэй бы закрывала

Зямлю чорную зіма!

                    Я. Колас

Залатая, асенняя раніца!..

Залатая, асенняя раніца!

Хараством ты на свеце адна.

Сонца ў пушчы глыбокай купаецца

І ніяк не дастане да дна…

 

Мітусіцца лісцё па аселіцы,

Як дзвіна матылькоў-мітульгі.

І ўзвее яна, і пасцелецца,

Распаветрыцца на берагі.

 

А яны, берагі-беражыстыя,

Не стрымаюць асенні напеў.

І ліецца, віецца сукрысты ён

І разгортваецца каля дрэў.

 

Залатая, асенняя раніца!

З хараством, з пекнатою — бывай!

Ужо сонца за пушчу хаваецца,

Кармазынам гарыць небакрай…

                         У. Дубоўка (скароч.)

 

Восень

Над палямі хістаўся пашчэрблены месяц.

Вецер дзьмуў, і шумеў па-над Нёманам бор.

Восень вецце сухое зграбла і на ўзлессі

Падпаліла пагрэцца начлежны касцёр.

 

Падпаліла касцёр, прылягла у тумане,

Ды кароткім быў гэты пад зорамі сон:

Крык трывожны птушыны збудзіў яе рана,

Па зямлі ад кастра разліваўся агонь.

 

Загарэліся гнёзды, і іскры пажару

Пачала яна з птушкамі, з ветрам гасіць.

Толькі полымя ўжо разлілося ў імшарах,

Па лясах і палях, па курганах брусніц.

 

I па сённяшні дзень восень жару не можа

Пагасіць на зямлі, ходзе з краю у край,

Заліваючы ліўнямі ў полі бярозы

I цалуючы кожны рабінавы гай.

                         М. Танк

 

Глыбела неба, зоркі халаднелі...

Глыбела неба, зоркі халаднелі.

Ступала восень зорнай паласой.

Апошні мёд насілі пчолы ў келлі

На санцагрэве з буйных верасоў.

 

За жураўліным клінам павуцінка

Плыла трывожна з восеньскай вярсты.

...Яшчэ сініцам весела адцінькаць

У голлейку пажоўклыя лісты.

 

А там дажджы рабінай апякуцца,

I выпадзе халодная раса...

He, не мае красёнцы гэта ткуцца,

He мой — халоднай восені пасаг.

 

I не мае то вусны загарчылі

Салодкім мёдам позніх верасоў...

I сняцца сны ўспамінамі чужымі.

Ступала восень зорнай паласой.

                             А. Канапелька

 

Хаджу па нівах, па лугах азёрных...

Хаджу па нівах, па лугах азёрных,

Начую летуценна ў будане

I думаю, чаму мне так прасторна?

I песня прылятае да мяне.

 

Прыносіць мне дары свае дуброва —

То верас, то крыніцу, то грыбок.

Ўліваецца, нібы ручай, у мову

Палескі нетаропкі гаварок.

 

Злятае па дасвецці галубіным

То рыжы ліст, то жоўта-залаты.

Упалі задуменна на платы

Даспелыя ружовыя рабіны.

 

Хаджу па нівах, па лугах азёрных,

Начую летуценна ў будане.

Я думаю, чаму мне так прасторна?

I песня прылятае да мяне.

                      Я. Янішчыц

 

Лісце

Восень прайшла пералескамі,

Па няголеным ржышчы ніў,

Чырвонымі арабескамі

Лісце лес ураніў.

Глянь на зямлю залатую,

Пяшчотную, сумную, чыстую,

Нехта па ёй вандруе,

Ў паветра ўзнімаючы лісце.

Струменьчыкам тонкім лісце.

Медзь на азёрах сплывае,

Сум у небе імглістым...

Як песня, з галін злятае

Лісце, лісце,

Залацістае лісце,

Сто лісцяў,

Дзесяць лісцяў,

Ліст.

                  У. Караткевіч

 

Восень

Надакучыла восені

Паннай быць залатою,

Пажадала застацца

Дзеўчыной маладою.

Той калінкаю кволай,

Сумнай і закаханай,

Прыгажуняй рабінай,

У каралі прыбранай.

Палявою бярозкай,

Віхраста прычэсанай,

І той песняй журботнай,

У вырай панесенай.

Адкупілася восень

Дарагімі дарамі.

Развіталася з просінню

Праліўнымі дажджамі,

Туманамі грыбнымі,

Вятрамі галоснымі,

Кучаравымі хмарамі

Ды скрыпучымі кроснамі.

Да наступнага году!

Да багатага ўроду!

Да ўбораў мядзяных!

Да вяселляў жаданых!

                             Л. Полазава

 

Восень ціха прыварожвае…

Восень ціха прыварожвае

Залатою шчымлівай парой.

Лісцяў-кветак мігценне прыгожае

Ашчаджае вястун-лістабой.

Ён сваё яшчэ возьме напоўніцу,

Скіне з дрэваў убранне на дол.

А пакуль сэрца радасцю поўніцца —

Фарбаў-водбліскаў цэлы прыпол.

                                          У. Мароз

 

Восень

Восень абсыпала дрэвы

Жоўтым прыгожым лістком,

Восень сабрала пасевы

З поля пагодным дзяньком,

Збожжа ў гумно накладала,

Бульбу ссыпала ў мяхі,

Ў косы цыбулю сплятала,

Вешала іх ля страхі.

Лушчыла ў торбы сланечнік,

Мак, і хвасолю, і боб.

Восень у клопаце вечным,

Хай дапаможа ёй Бог!

                   І. Багдановіч

 

Колеры восені

Пафарбавала восень

Клёны

У колер жоўты

І чырвоны.

На спелых гронках

Арабіны —

Бялюткіх нітак

Павуціна.

А за сцяжынкай

Паглядзі ты —

Зялёнай руні

Аксаміты.

І немагчыма

Надзівіцца

На восень —

Цуда-чараўніцу...

           В. Шымук

 

Асенні малюнак

Як охра, пажаўцела восень,

Зямля рыхтуецца к зіме.

Мільгне на небе раптам просінь,

А вецер золкі дзьме ды дзьме.

Туман малочны лістапада

Пакрыў палі, пакрыў лугі,

Чарнеюць ля дарог прысады

Ад халадоў і ад тугі.

                        М. Сабалеўскі

 

Едзе восень

Змоўкла наваколле,

Лес адгаманіў.

Едзе восень полем

На рабым кані.

А за сінім борам —

Я разгледзеў сам —

Сядзе ў санкі скора

Белая зіма.

            В. Рабкевіч

 

Лісцё ў кастрычніку ляціць…

Лісцё ў кастрычніку ляціць

На мокрую траву.

Ля весніц клён стары стаіць,

Схіліўшы галаву.

Пяюць вятры, нясуць яны

Халодны змрок і сум.

І сцелюць лісцяў дываны —

Асеннюю красу.

Цябе любіў я і люблю,

Мой звонкі лістапад.

Бы ў грудзі, грукае ў зямлю

Антонаўскі апад.

На ўзлёце крылле распусціў

Знясілены вятрак.

Ён жорны цэлы век круціў,

Стаміўся, небарак.

Калючы дождж яго дзяўбе,

А ён з-пад самых зор

Глядзіць, паставіўшы сябе

Вятрам наперакор.

                    М. Хведаровіч

 

Залатая восень

Дзіўныя пажары

запаліла восень —

Полымем вясёлым

лісце занялося.

Запалалі клёны,

дуб стары шугае,

Між галля вавёрка

факелам мільгае.

На паляне дымна —

ды не дым віецца:

Тумановы засціл

размятае вецер.

А вялізны жоўты грыб

стаіць у бляску —

Быццам бег пажарнік

і згубіў тут каску.

Восень прыйшла

да нас на палеткі,

Восень прыйшла ў лясы.

Амаль не цвітуць ужо кветкі

I птушак маўчаць галасы.

Ізноў заімжэў дожджык зрання,

Вецер у шыбіны дзьме...

Восень прыйшла на світанні,

Кліча мяне да сябе.

Дрэвы стаяць, а пад імі —

Жоўтыя скрозь дываны,

Дрэвы дыханне стаілі —

Чагосьці чакаюць яны?..

Неба ўсё ніжай і ніжай,

Сонца зусім не відаць.

Толькі за птушкамі ў вырай

Думкі на поўдзень ляцяць.

                       К. Герлоўская

 

Кастрычнік

Завіруха залатая

З дрэў лістоту абмятае.

Рассцілае дываны,

Дзе ні глянь —

Ляжаць яны.

Ты пазыч мне, клён, клён,

Свой убор да

летніх дзён.

Ён такі залаты —

Адвяду ў ім халады.

Прыйдзе шчодрая вясна —

Верне твой убор яна.

Пачакай, бяроза, трошкі, —

Дай лісця свайго тры ношкі.

Дай лісця свайго ты трошкі —

Я рабінцы ўкрыю ножкі.

Дай, асіннік, лісце, дай,

Што зраблю з ім — не пытай:

Вогненнае, быццам медзь,

Будзе ўзімку траўку грэць...

Прыйшлі Пакровы:

«Ці ўсе да зімы гатовы?..»

Апусцелі ніва, луг,

Гул работ на іх прыглух.

Перабраліся дары

З град у хаты, на сталы.

Лён трашчыць, ляціць кастрыца:

«Хто ўкалоцца не баіцца?..»

Трэ, ляскоча церніца:

«Лён кашуляй вернецца...»

Заміргалі ў небе зоркі:

«Не забылі пра вячоркі?..»

                      М. Чарняўскі

 

Кастрычнік

Ад дрэва да дрэва ідзе пехатой

Кастрычнік, мастак адмысловы,

I фарбай бурштынавай

і залатой

Распісвае

кроны дубровы.

Зірні на ягонае

ўмельства і спрыт,

На колераў зваблівы россып,

Зірні, як заззяў,

запалаў краявід

На сінім мальберце нябёсаў.

                                А. Мінкін

 

Залаты лістапад

У лясах, на балоце

Ліставей,

Лістапад.

I стаіць у пяшчоце

Залацісты сад.

Павуцінай затканы

Сенажаці,

Лугі.

Лёг на лес, на паляны

Сіні водсвет смугі.

Лісце з шэлестам льецца

На траву,

На чабор.

Зелянейшым здаецца

Ад святла ціхі бор.

Клін ляціць жураўліны

Над зямлёй

Наўскасяк.

Заірдзелі каліны,

Пажаўцеў беразняк.

Каля клёнаў барвовых

Вецер кружыць лісты.

У гаях,

У дубровах

Лістапад залаты.

               В. Гардзей

 

Кастрычнік

Кастрычнік барваю

Прыбраў

Дубы, асіны

I рабінкі;

Лісты ён з дрэў

Параскідаў

На ўзлескі,

Вузкія сцяжынкі.

Хмурліва, зябка

Па начах,

Цярусіць дождж,

Нібы праз сіта,

Пажоўклі травы

На палях,

I толькі

Зелянее жыта.

Ды часам

Выпадуць дзянькі...

Блакіт і сонца.

Ранак звонкі.

I разам з Янкам

Хлапчукі

Ідуць у лес

Збіраць зялёнкі.

            А. Дзеружынскі

 

Адыход лета

Зноў верасня чутны здалёку крокі —

З узлескаў, лугавін і бальшакоў,

Бо дні такія чыстыя і крохкія,

Як шапачкі ў тугіх баравікоў.

Астыла лета. Ды яшчэ не верыцца,

Што больш не будзе

Цёплых летніх дзён.

I хочацца, забыўшыся на верасень,

За летам паімчацца наўздагон

I клікнуць, каб яно хоць азірнулася,

I папрасіць,

Каб зноў назад вярнулася

I пасвяціла, хоць адзін дзянёк...

А верасень за ўсіх дзяцей турбуецца,

Як першакласнік радасны, хвалюецца,

Трасе, як грушу спелую, званок.

                                                Ю. Свірка

 

Верасень

Чарадзейны Верасень

Заквітнеўся верасам.

Голле дуба-волата

Ён прыбраў у золата.

На рабінках быццам кралі.

Гэта — ягады-каралі.

А кляновае адзенне —

Фарбаў рознае адценне.

Як у хустачках дзяўчынкі,

Чырванеюць дзве асінкі.

Чарадзейны Верасень

Расквітнеўся верасам.

                    Э. Агняцвет

 

Лісток

Звонкі лісток адарваўся ад клёна

I пакаціўся, пабег па зямлі.

А на палянцы жоўта-зялёнай,

Быццам на струнах, іграюць чмялі.

Верас ліловы, як на цымбалах,

Ціха трымціць увесь дзень дацямна.

Колеры лета рабіна сабрала,

I чырванее на сонцы яна.

Як я люблю вераснёвыя дзівы!

Ходзяць па лесе вятры-трубачы.

Толькі грыбы паглядаюць маўкліва —

Песням патрэбны свае слухачы.

                                            Э. Агняцвет

 

Верасень

Ехаў Верасень па верас

На кабылцы цёмна-шэрай.

Шпарка воз каціўся ўлегцы,

Тузаў Верасень за лейцы.

А за ім сядзеў сынок,

У руках трымаў званок.

Як наскаквалі на пні,

Ён званіў у цішыні.

Забаўляў малога звон:

«Прэч, сум!

Прэч, сон!..»

Верас, верас, верасок —

Назбіралі ўдвух вазок.

З лесу ехалі дахаты —

Сын заснуў, закалыхаты.

Як узбіліся на брук —

Ён, званок той,

Выпаў з рук...

Зёлкі Верасень прывёз,

Сын жа выліў рэчку слёз:

Да змяркання праблукаў,

А званка не адшукаў.

Кажа Верасень сынку:

Не тужы ты па званку.

Павяду на першы ўрок —

Знойдзеш, ведаю, званок.

                    М. Чарняўскі

 

Верасень

Ціха верасень тчэ павуцінкі,

Лета бабіна ў мроях сваіх...

Спеюць бэры, антонаўкі, пуцінкі,

Цішынёй наталяецца слых.

Школы ўсе ажылі, загудзелі,

А вяргіні, нібыта шары,

Пасля свята званка зноўку селі

Каля школы і ў кожным двары.

Перад бурай, напэўна, зацішша,

Прадчуванне няяснай тугі...

Па-над хатамі ластаўкі ўвішна

Развітальныя робяць кругі.

                                  П. Саковіч

 

Адлёт жураўлёў

Белыя валокны

Сцелюцца над долам.

Не спяваюць птушкі,

Сціхнуў лесу шолам.

Сцелюцца валокны,

Тчэцца павуціна —

Блізка, блізка восень,

Смутная часіна!

Зажурыцца неба,

Схованае ў хмары,

I агорнуць сэрца

Нейкі жаль і мары.

Замірае лета,

Заціхаюць далі,

Сірацее рэчка,

Халадзеюць хвалі.

                   Я. Колас

 

Позняя восень

Сонца ўлетку шчыравала,

Прытамілася, відаць,

Мяккіх хмараў прычакала

І пайшло адпачываць.

 

Шзры дробны дождж цярусіць,

Лісце плаває ў вадзе.

Адляцелі ў вырай гусі,

Восень з кульбаю ідзе.

 

Прыляціць з-за лесу хутка

Вецер колкі і сухі,

Потым коўдраю бялюткай

Лягуць срэбныя снягі.

                     М. Пазнякоў

 

Хто мастак?

Ён даспелы, ён румяны,

Быццам пэндзлем маляваны —

Ажно ззяе на галінцы.

Запыталася Галінка:

— Хто цябе расфарбаваў?

Яблык з дрэва адказаў:

— Мой мастак —

Сама прырода:

Песціла мяне паўгода.

Быў я ў маі белым цветам,

Завяззю зялёнай летам,

Наліваўся, падрастаў

І румяны ўвосень стаў.

                       Я. Хвалей

 

Прылятай, жураўлік!

Паўлік над пракосамі

Разглядае сінь:

— Што мне, дзед, у восені

Сёння папрасіць?

 

Як над вёскай плаває

Жураўліны клін,

Папрасі ў жураўліка

Кошык журавін.

І сябрам па бубачцы

Ягады раздай.

Хай усё адбудзецца,

Што ні загадай.

Як паходзіш з кошыкам

Ты сярод людзей,

Журавінка кожная

Стане саладзей.

Журавінным водарам

Ад прысад дыхне.

Стане восень шчодрая

Мілай удвайне.

І сплыве журба твая

Аж за небакрай.

Ты свайго жураўліка

З выраю чакай...

 

Прылятай,

Жураўлік!

Падрастай,

Наш Паўлік!

              Г. Бураўкін

 

Дзень добры, восень!

Расу на травы ніжа

Пад вечар цішыня.

А сонца ніжай, ніжай

I халадней штодня.

Трапеча аблачынка

У белай чарадзе,

Як школьніца-дзяўчынка,

Што ў першы клас ідзе.

Папрацавала лета —

Збірала дзень пры дні

У бэрах і ранетах

Скарбонкі цеплыні.

I нас цяпер, увосень,

Не спудзяць халады —

Як сонца, мы падносім

Да губ сваіх плады.

Смяёмся мы шчасліва:

Да новых весніх дзён

Нас будзе грэць рупліва

Багаты летні плён.

                       П. Макаль

 

Восень

Паляцела лета
З птушкамі на поўдзень.
Hi травы, ні кветак,
Пуста ў агародзе.

Вецер гоніць лісцік,
Скурчаны, счарнелы.
Коціцца кудысьці
Ён, асірацелы.

Голы сад знямелы
Да сябе не кліча,

Неба пацямнела
I цяпла не зыча.

                Н. Галіноўская

 

Верасень

Пад развітальны крык бусліны

У світцы з лісця, з павуцінак

Купчыха восень воз багаты

Вязе бадзёра, зухавата.

Тут лета дбайнага даніна —

I агародніна, і садавіна,

I ад хваробаў лекі-зёлкі,

Тут фарбы лета і вясёлкі.

У свірне ціха дрэмле збожжа.

Дзень нараджэння Маці Божай.

Прымае вернікаў царква.

У школах вучыцца дзятва.

Мастачка-восень адмыслова

Надасць прыродзе выгляд новы,

А потым лісце долу скіне —

I будзе спаць, як на пярыне.

                             Н. Галіноўская

 

Кастрычнік

Неба дыхае вятрамі,

Кружыць лісця карагод.

I частуюць нас дарамі
Поле, сад і агарод.

Не пазнаць любімы скверык —
Нібы жоўты церамок.

Адчыняе яго дзверы
Ключ — бярозавы лісток.
Нарасціў асенні дожджык
Падзялёнак, маслякоў.

I яны гатовы ў кошык,
Запрашаюць грыбнікоў.

             Н. Галіноўская

 

Лістапад

У садах, у полі чыста.

Дождж ліецца, як праз сіта.

Хмары ў небе шчыльнай сеткай

Прапускаюць сонца рэдка.

А яно цяпер так нізка.

Свішча ў коміне вятрыска.

Лісцік скурчаны, счарнелы

Вяла коціцца, нясмела.

Дзень санлівы і кароткі.

Вераб’ёў снуюць чародкі

I імкнуцца да жытла —

Хочуць ежы і цяпла.

               Н. Галіноўская

 

Запрашаю на грыбы

Верасок, верасок,

Не хавай мой грыбок

Назбіраю грыбоў,

Занясу іх дамоў.

Рады бабка і дзед:

Будзе смачны абед.

Калі ласка, сябры,

Да мяне на грыбы!

              Н. Галіноўская

 

Яблыкі

У кошыку яблыкі

Розных сартоў.

Я назаву іх.

Ты слухаць гатоў?

Пепін, шафран,

Баравінка,

Цітаўка, крымка,

Пуцінка,

Цыганка, антонаўка,

Белы наліў,

Штрыфель, ранет.

А вось гэты забыў.

Мама на яблык

Зірнула:

— Каштэлі.

Дзеці з ахвотаю

Яблыкі елі.

           Н. Галіноўская

 

Павуцінка

Хусцінка з павуцінак

Вісіць паміж галінак.

На кожнай павуцінцы

Па кропельцы-расінцы.

Гараць расінкі-шарыкі

На сонцы, як ліхтарыкі.

                 Н. Галіноўская

 

Кіслінкі-журавінкі

Сцяжыначка-сцяжынка,

Куды нас прывяла?

Збірайце журавінкі,

Іх восень вам дала.

Кіслінкі-журавінкі,

Чырвоныя бакі,

Бяруць у кош дзяўчынкі,

Бяруць і хлапчукі.

                Н. Галіноўская

 

У вырай

У вырай ляцяць жураўлі.

Далёка ад роднай зямлі.

Як дакранецца да іх толькі —

Балюча колюцца іголкі.

Бярозак тонкія галінкі

Скідаюць жоўтыя хусцінкі,

I кружыць, гушкае іх вецер...

Сумуе лес па звонкім леце.

                      Н. Галіноўская

 

Дзень добры, школа!

Восень дзяцей сустракае.

Дзень добры! — вітае здалёк.—

Гатовы да школы? — пытае.

Гатовы! Чакаем званок!

I лета падносіць букеты:

Віншую з заняткамі вас!

Сігналіць на старце ракета —

У вырай збірацца мне час.

Выдатных адзнак вам, бывайце! —

У небе крычаць жураўлі.—

Зімой нас шукайце на карце,

Вясной — на радзімай зямлі.

Дзень добры, любімая школа!

Мы дружныя будзем з табой!..

I восень з усмешкай вясёлай

Ідзе урачыстай хадой.

                       Н. Галіноўская