Search
Суббота 27 Апрель 2024
  • :
  • :

Вясна крочыць па зямлі

 

 

ПЕСНЯ АБ ВЯСНЕ

Уцякай, мароз-дзядуля!

Чуеш ты, стары, ці не?

На пагорках — булі-гулі!

Песні чуюцца вясне.

Звоніць, скача, як дзіцятка,

Гэты жэўжык-ручаёк,

На яго, бы тая матка,

Сонца кідае свой зрок.

А зіма аж пачарнела,

Годзе ёй тут кросны ткаць!

Ну, маленства, жыва, смела

Выйдзем весну прывітаць!

                               Я. Колас

 

 

ВЯСЕННЯЯ РАНІЦА

Гляньце, дзеткі, у аконца,

Ды пара ужо ўставаць...

Як прыгожа там бясконца!

Сорам, дзеткі, позна спаць.

Заглянула сонца ў вочкі,

Дзень прыйшоў — даволі сну

На свет гляньце, галубочкі,

Ўсе вітаюць там вясну.

Пчолкі выпаўзлі з калоды,

Пачалі збіраць мядок,

Шпак вартуе агароды

I вішнёвы наш садок.

Зелянее траўка ў полі,

Ў небе птушачкі пяюць...

Эх, зімы не будзе болей!

Хутка кветкі зацвітуць.

Вы зірніце у аконца,

Палюбуйцеся хаця:

Колькі волі, колькі сонца,

Колькі новага жыцця!

Ўстаньце, дзеткі, пойдзем ў поле

Спевы слухаць, кветкі рваць.

Ў хаце сумна, бы ў няволі...

Ўстаньце дзеткі, годзе спаць!

                                  М. Чарот

 

***

22 сакавіка па народным календары — Саракі. Даўней гэты дзень па ўсёй Беларусі лічыўся днём сустрэчы вясны. На Саракі, казалі старыя людзі, дзень з ноччу мераюцца. І сапраўды, гэта ж час веснавога раўнадзенства. На гэта свята паўсюдна выпякалі печыва, булачкі, піражкі ў выглядзе птушак. Іх называлі «жаваранкамі». Вясковыя дзеці прымацоўвалі булачкі да кійка, падымалі іх высока ўгору, паказвалі птушкам, нібы заклікаючы іх хутчэй прынесці цяпло.

 

 

ВЕСНАВАЯ РАНІЦА

Ціха абуджаюцца

Росныя палі,

Веснавая раніца

Крочыць па зямлі...

Промнямі агністымі

Саграе зямлю,

Зерні залацістыя

Кідае ў раллю.

А як напрацуецца,

На спачын ідзе,

Ніваю красуецца

Цэлы весні дзень.

                А. Дзеружынскі

 

ВЯСНА

Бяжыць без прыпынкаў зіма.

Нідзе ёй спакою няма.

Вясна падганяе:

Хутчэй!..

I сонейка свеціць ярчэй.

Гавораць зіме капяжы:

Шпарчэй ты на поўнач бяжы:

Шыбуе вясна на чаўне!

Дарогу, дарогу вясне!

                       Н. Галіноўская

 

 

САКАВІК

Вясна на парозе

У снезе, марозе.

Мароз пасваволіць —

Заблудзіцца ў полі.

Адліга бяжыць —

Са стрэх капяжы.

Прывітаць саракі

Прыляцелі шпакі.

Аўдоцця-вясноўка

На кожным двары.

Гукаюць вясну

I малы, і стары.

                 Н. Галіноўская

 

 

КРАСАВІК

— Мой брат сакавік

Сустракае вясну,

А я, красавік,

Ёй палац адамкну.

Вясенка-вясна,

Снег і лёд растварай,

Навокал усё

На свой лад прыбірай.

                     Н. Галіноўская

 

 

МАЙ

— Маю я адно жаданне —

Падарыць вам прыгажосць.

Не залежвайся уранні —

Для цябе сюрпрызы ёсць.

Глянь, як дрэўцы пагусцелі.

Падрасла за ноч трава.

Вераб’і павесялелі,

Ажывілася дзятва.

                Н. Галіноўская

 

 

КРАСАВІК

На лугі і ў пералескі

Красавік прынёс пралескі,

I, схіліўшы галаву,

Разбудзіў ён сон-траву:

«Ты галоўку не хіні,

У званочак зазвіні,

Каб прачнуўся зверабой

I рамонак пад вярбой,

Каб надзелі свой убор

Медуніца і чабор,

Каб хутчэй каля крыніцы

Расцвілі усе суніцы,

Каб прачнулася пчала

I чаромха расцвіла,

I шыпшына, і крушына,

I над рэчкай чарамшына,

Каб раскрыла вочкі хутка

На ўзбярэжжы незабудка,

Каб, збудзіўшыся ад сну,

Сустракалі ўсе вясну.»

                    С. Грахоўскі

 

 

САЛАЎІНЫ КАНЦЭРТ

У бярозавым гаі

Выступаюць салаўі.

Месяц, ночы гаспадар,

Зырка выглянуў з-за хмар:

— Я люблю канцэрт такі.

Малайчыны, спевакі!

Больш святла вам зараз трэба.

Ачышчайце, хмары, неба!

Я і зоркі так засвецім —

Спевакоў усіх прывецім.

Салавейкі, салаўі,

Галасістыя ў маі.

              Н. Галіноўская

 

 

ПЕРШЫ КРОК ВЯСНЫ

Ціхі, нетаропкі

Першы крок вясны.

Пад страхою кропкі

Капяжоў відны.

Вочкамі пупышак

Глянула лаза.

Лось на сонца выйшаў,

Выйшлі дзік, каза.

Сцежкі пацямнелі,

Снег сыры асеў.

Хутка ўбачу ў небе

Качак і гусей.

Я пайшоў на ўзлесак

Сустракаць вясну,

Шмат знайшоў пралесак,

Хоць бы ўзяў адну.

                      П. Прануза

 

 

КОЦІКІ

Коцікі спалі

ў цесных каморках.

Ды ручаінкі

звіняць на пагорках.

Коцікі селі

на кусцік вярбовы,

грэюць на сонцы

жоўтыя бровы.

                     Д. Бічэль

 

 

САКАВІК

Сну зімовага даволі!

Свята ў сонца, паглядзі!

Моцна спалі лес і поле —

Сакавік іх разбудзіў.

А пасля падаўся полем

Да раскутае ракі,

Начапіў лазе на голле

Залатыя каташкі.

Капяжовы перазовы

Чуеш зблізку і здалёк.

Днём у следзе палазовым

Заіскрыўся ручаёк.

Распагоджаны аблокі,

Улагоджаная шыр.

Сакавік кляновым сокам

Заскакаў у гладышы.

Веснавых прыкмет багата.

Сакавік здзіўлёны сам.

А яшчэ прынёс ён свята,

Дарагое свята мам.

                   К. Камейша

 

 

АБУДЖЭННЕ

Надыходзіла вясна —

Сонца падымала:

Каб гарэла дапазна,

Раненька ўставала.

Скрозь праталінкі раслі,

Ручайкі звінелі.

Роўным клінам жураўлі

Ў небе праляцелі.

Вунь, ажно за небакрай

Песня іх нясецца,

Абуджае родны гай,

Рэчку ды азерца.

З-пад ільду стары шчупак,

Як пачуў іх песню, —

Хвост узняў і ляснуў так —

Лёд ад жаху трэснуў.

I пайшла гуляць рака —

Плёскацца ля плота.

Пад вясёлы свіст шпака

Зацвітае лотаць.

                    Н. Парчук

 

 

НА КРЫЛЛЯХ ВЯСНОВЫХ

Зноў ляцяць высока ў небе

Птушкі ранняю вясной —

Над абуджанаю глебай,

Па-над рунню маладой.

Жураўліны клін азваўся

Над прасторамі зямлі,

Лёд на рэках не ўтрымаўся —

Крыгі з шумам паплылі.

Ветрык крызе падсабляе,

Падстаўляючы крыло.

Сонца шчодра пасылае

Наўздагон сваё цяпло.

                     Н. Парчук

 

 

САКАВІК

Сакавік прынёс вясну

Ў родны край палескі.

Абудзіліся ад сну,

Зацвілі пралескі —

Усміхнуліся вясне,

Прывіталі шчыра —

I вавёрку на сасне,

I ў нябёсах вырай.

                   Н. Парчук

 

 

...ВЯСНУ ВІТАЙЦЕ ЗНОЎ!

Зноў птушкі-шчабятушкі

Пяюць наперабой.

І, дорачы вяснушкі,

Вясна ідзе з вярбой,

Нясе ахапак цэлы

Пушыстых каташкоў.

Дык адчыняйце дзверы —

Вясну вітайце зноў!

                      Н. Парчук

 

 

ЧАРАДЗЕЙКА-ВЯСНА

Ізноў пара вясновая

У госцейкі прыйшла,

Бярозцы танкастволае

Завіўку завіла

І, адчыніўшы скрыначку,

Па сотні завушніц

На кожную галіначку

Спрабуе пачапіць.

А ветрычак ціхусенька

Пра шчасце шэпча ёй,

Прычэсваючы кудзеркі

Пяшчотнаю рукой.

Бярозанька ад радасці

На сонцы зіхаціць:

Ёй пры такой прывабнасці

Нягожа ў смутку жыць.

                           Н. Парчук

 

 

ПРАДВЕСНЕ

Знікнуць сумныя завеі,

Злягуць злыя маразы.

Цёплай ласкаю павее

На палеткі і лясы.

I каб весела над намі

Сонца сыпала красу,

Зазвініць жаўрук ключамі,

Адмыкаючы вясну.

                      М. Пазнякоў

 

 

СЛАВІМ СОНЕЙКА ВЯСНЫ

Сёння сонца ўстала з намі,

Снег пагнала ручайкамі —

Зашумелі ручайкі,

Заспявалі жаўрукі.

 

Сонца, сонца,

Не абміні маё ваконца, —

Усім свяці, свяці,

Каб мы былі ў жыцці

Шчаслівымі — і я, і ты.

 

Як жа ўсё павесялела!

Сонца справа, сонца злева,

I пупышкі на вярбе

Усміхаюцца табе.

 

Хай вайны не будзе ў свеце,

Хай жывуць спакойна дзеці,

Славяць сонейка вясны,

Бачаць сонечныя сны.

 

Сонца, сонца,

Не абміні маё ваконца, —

Усім свяці, свяці,

Каб мы былі ў жыцці

Шчаслівымі — і я, і ты.

                     У. Карызна

 

ПРЫЙШЛА ВЯСНА

Урывак

Хоць мароз яшчэ парою дакучаў, ды і снег яшчэ не зняў з зямлі сваёй белай посцілкі, але ж сонейка неяк мацней ужо грэла і залівала ціхія палі і сенажаці.

Яго магутныя прамяні ўпалі і на страху Янкавай хаткі, і нават заглянулі праз аконца ўсярэдзіну. Янка адчуў іх цёплую ласку, зразумеў ціхі прызыў і, хуценька апрануўшыся, выбег у садок.

Там яго бацька ўважліва аглядаў кожнае дрэва ды адпілоўваў сухія непатрэбныя галінкі, а пасля ачышчаў пні і грубейшыя сукі ад моху.

Угледзеўшы Яначку, бацька весела крыкнуў:

— Што, сынок, сустракаць вясну выйшаў?

— А дзе ж тая вясна? Снег усюды ляжыць, ды яшчэ гэтак сцюдзёна, — маркотна адказаў Янка, паціраючы зачырванелыя ручкі.

— Пачакай, сынок, незадоўга будзе ўжо цёпла і хораша, — адказаў бацька, — кожны дзень вясна да нас набліжаецца. Вось з гэтых пучкоў, што бачыш на дрэвах і кустах, вырастуць зялёныя лісточкі, палі зазелянеюць, а сенажаці і балоты пакрыюцца жоўтымі дыванамі малачаю і матачніку. А раней яшчэ, як толькі сыдзе снег з лясных узгоркаў, глянуць на нас з-пад кустоў ляшчыны сіненькія вочкі пралесак. Помніш, колькі іх было летась?

— А помню, помню, татачка. Дык, значыцца, як закрасуюць пралескі, то ўжо будзе вясна? — пытаўся Янка.

Хацеў хлопчык яшчэ нешта папытацца ў таты, але ж той адышоў. Пастаяў Яначка яшчэ крыху, падумаў ды пайшоў да хаты.

                          З. Верас

 

УСХОД СОНЦА

Спярша схіл неба заружавеў вузкай палоскай. Раптам імклівы прамень шугануў з-пад небакраю і рассыпаўся на дробныя пырскі. Чырвань згусцілася і ахапіла паўнеба. Але трывала нядоўга і адразу ж сцьмела. Тады спакваля выкацілася яно, вялікае, рахманае, яшчэ соннае і бездапаможнае. І пакуль раскатурхалася, я доўга глядзеў на яго, не зводзячы вачэй. Але тут сонца прачнулася, ажыло, разварушылася і набрала такой сілы, што цяпер ужо ўвесь свет здзівіўся яго хараству.

Сонца іграла! Гэта бывае рэдка — у першыя дні ранняй вясны. Заўважце, што кожны раз яно ўсходзіць па-іншаму — вясною і летам. І, мабыць, самы шчаслівы той, хто найболей бачыў такіх усходаў і захадаў.

А ці бачылі вы, як усходзіць і заходзіць сонца?

А ці бачылі начное неба і Млечны Шлях на ім? Якія сузор’і і планеты вы ўжо можаце паказаць на небе?

                         В. Вітка

 

ПРЫКАЗКІ І ПРЫМАЎКІ

Ласкавае слова, што вясновы дзень.

Вясною работы ад нядзелі да суботы.

Вясна красна кветкамі, а восень палеткамі.

Вясенні дзень год корміць.

Вясною дажджы не лішнія.

 

 

СКОРАГАВОРКІ

Люты ўцёк,

люты знік.

І пацёк

снегавік.

 

САКАВІК

Сакавік-сакавічок!

Свішча весела шпачок.

Каля дома — раўчукі.

Робяць лодкі хлапчукі.

                        В. Жуковіч

 

НАРОДНЫЯ ПРЫКМЕТЫ

Сакавіцкай вадой твар мыць — вяснушкі знікаюць.

Як у сакавіку снег задувае, будзе ўраджай на агародніну і ярыну.

Які сакавік, такі красавік.