Search
Четверг 25 Апрель 2024
  • :
  • :

«Зялёнае, квяцістае, сунічна-прамяністае»

У ЧАКАННІ ЛЕТА

Паравозік маленькі, што ў парку жыве,

Зімою пачаў сумаваць.

Улетку, вядома, ніхто не міне.

«Пачакай» — наўздагон пракрычаць.

А зараз навокал сцюжа і снег,

І блізка нікога няма,

Атракцыёны, забавы усе

Замкнулі на ключ нездарма.

Тады ён заплюшчыў вочкі свае

І ў марах пачаў маляваць:

Дзяўчынка на лузе кветачкі рве,

Будзе вяночак звіваць.

Чырыкаюць птушкі на ўсе галасы,

Сонейка дорыць цяпло,

Хвосцік вясёлкі, дзівоснай красы,

Нібы схаваўся ў дупло.

Шары-маляванкі ў нябёсы ляцяць,

Вітаюць у гнёздах буслоў,

Ён вочкі расплюшчыў, хацеў памахаць

І ўбачыў: зноў лета прыйшло.

                                           Г. Мароз

УЛЕТКУ

Соладка ўлетку ў дзень ройны

У зелені, ў кветках купацца,

З ветрам гуляць неспакойным

З сонцам гуляць, цалавацца!

Слухаць лясное гамонкі,

Зважных, няўцямлівых шумаў,

Як гэта хвойкі-сасонкі

Гойдаюць ласкава думы.

Слухаць, як міла ля ўзмежку

Гутарыць з коласам колас,

Як льецца ў сэрца з усмешкай

Нівы спагадлівы голас.

Музыка зычная ў свеце,

Моўкнуць нягоды напасці...

Хочацца думаць, як дзеці,

Верыць, як дзеці, у шчасце.

                              Я. Купала

КОЛЕРЫ ЛЕТА

У вясёлкі колер лета!

Ну а ў лета — колер кветак,

Колер возера і рэчкі,

Колер верасу і грэчкі,

І малінавай дзялянкі,

І бруснічнае палянкі,

І чароту,

І чабору,

І зялёны колер бору,

Колер пожні,

Колер сцежкі,

Колер першай сыраежкі

І валошкі ў спелым жыце...

А цяпер, сябры, скажыце

Па сакрэту ўсяму свету:

Колькі ж колераў у лета?

                     Г. Аўласенка

 

ПЕСЕНЬКА ПРА ЛЕТА

Зноў усмешкаю пяшчотнай

Сонца ззяе нам з нябёс,

Неба чыстае пагодна

Разблакіцілася скрозь.

Ясназвонкая сінеча,

Нібы мора ў вышыні!

Жаўручок — малы-малеча —

Летняй рады цеплыні.

Над сабою сонца бачыць —

Жыватворнае святло —

Ды спявае: «Зна-чыць, зна-чыць,

Лета звонкае прыйшло!»

                        Н. Парчук

ЛЕТА

У сукенцы каляровай,

У хусцінцы васільковай

Ходзіць лета па палях,

Па расквечаных лугах.

Звоніць песняй жаўруковай,

Кожны дзень званчэйшай, новай.

Дбайна сонечнае лета

Спеліць ягады для дзетак.

Любіць з імі забаўляцца.

Загараць, спяваць, купацца.

Дораць дзеці лету ўсмешкі,

Гульні, песні і пацешкі,

Радасць працы і паходаў,

Радасць сонечных усходаў.

А расчуленае лета

Дорыць ім букеты кветак.

                   Н. Галіноўская

ЧЭРВЕНЬ

Я прынёс на крылах лета,

Многа сонца, многа кветак.

Пахне водарна трава,

Кругам ходзіць галава.

Паспяшайце з сенакосам,

Разгуляцца дайце косам.

Чуеце — у небе сінім

Голас мужнай Еўфрасінні.

Вам патрэбна не спазніцца

Па суніцы і чарніцы,

Па духмяныя клубніцы.

Шэпча дню малая ноч:

Ты, вялізны, крышку збоч —

Падрастаць патрэбна мне.

Ты не супраць, светлы?

Не.

                 Н. Галіноўская

ЧЭРВЕНЬ

Чэрвень рупны,

Быццам птах,

Чэрвень зранку —

У садах.

Трэба яблынькі дагледзець —

Лезуць вусені ў суседзі!

Чэрвень высыпаў расу —

Ззяе луг за вёскай.

Чэрвень з вышак зняў касу —

Час рабіць закоскі.

Не сціхае давідна

Перапёлчын голас:

—Навіна ў нас, навіна —

Пайшло жыта ў колас!..

На той голас васілёк,

Сіні, танканогі,

Як хлапчук, прыбег здалёк,

Стаў каля дарогі.

Можа, бачылі яго,

Ды з раднёй, не аднаго?

                    М. Чарняўскі

ЛІПЕНЬ

— Кажуць так пра мяне:

«Ліпень косіць і жне,

Доўга спаць не дае;

Хто ў ліпні на полі пацее,

Таго ўзімку і печка сагрэе».

Пагаджаюся я, так,

Мне не сябар, хто лайдак.

Як прыемна пасля працы

Адпачыць і пакупацца.

Сонцу кінуцца ў абдымкі:

«Пафарбуй загарам спінкі!»

Я дару вам летні рай —

Поўны сонца небакрай

I багата вітамінаў —

Ягады і садавіну.

На Купалле ў лес ідзіце,

Кветку-папараць знайдзіце:

Завітае у ваш дом

Шчасце з мірам і дабром.

                      Н. Галіноўская

ЛІПЕНЬ

У ліповых ботах з рыпам,

Радасць дорачы малым,

Ношу нёс духмяны Ліпень —

Кош, паўнюсенькі малін.

Сеў пад ліпай адпачыць —

Хто ў галлі над ім зумчыць?

— Дз-зякуй, Ліпень, за твой дар —

За частунак, за нектар!

Мёду з кветак — з-зум, з-зум,

Поўны вулей навяз-зу!

І другая ўслед пчала

Зумкаць звонка пачала:

— З-здабыла я з—ранку мёду

Поўны з-збан,

З-за ўсю калоду!

Усміхнуўся Ліпень пчолкам —

Неба ўквеціла вясёлка…

Выйшаў ён на сенажаць —

Травы, сохнучы, ляжаць.

На палетак выйшаў ён —

Каласам адбіў паклон.

Паспытаў на зуб збажынкі:

— Трэба ўжо рабіць зажынкі.

Жыта сноп аздобіў сам:

— Братку Жніўню перадам!

                        М. Чарняўскі

ЗАГАР

Мне на спіну сонца села

I фарбуе-грэе цела.

Падстаўляю рукі, твар:

— Намалюй і тут загар.

                   Н. Галіноўская

КВЕТКІ Ў ПАКОІ

Кветкі песцяцца ў спакоі —

Васількі, рамонкі.

Лета ходзіць па пакоі

Кронам лёгкім, звонкім.

Гоман поля — у букетах,

Жаўруковы песні.

Кветкі сонечнага лета

Радасць мне прынеслі.

                        Н. Галіноўская

 

НА ЛЯСНОЙ ПАЛЯНЦЫ

Звініць галасамі

Лясная палянка.

Мільгаюць галоўкі

У белых панамках.

Суніцы на сонцы

Гараць вугалькамі.

Кладуць іх у кошык

Малыя рукамі.

                  Н. Галіноўская

 

ЛЕТА

На лугах кветкі ззяюць, як зоры,

Наліваецца жыта ў палях,

І з мядовых садоў на прасторы

Сакавіты струменіцца пах.

Свет пяшчотаю сонца сагрэты.

Дыванамі засланы ўвесь дол.

Жыватворнаю музыкай лета

Заварожана ўсё навакол.

                            М. Пазнякоў

ЛЕТА 

Ліпень варыць чай духмяны,

Выбірае агуркі,

Рассыпае па палянах

Бабкі і баравікі.

У малінніку гукае,

Сушыць сена на лугах

І з вярбы ў раку нырае,

Не паспеўшы зведаць страх.

                          В. Савасцюк

ЛЕТА

Лецейка ты, лета!

Сонейкам сагрэта,

Дожджыкам умыта,

Кветкамі спавіта.

                   Г. Атрошчанка

БУКЕТ

Я дамоў

Прыйшла з букетам.

— Чым ён пахне, мама?

— Летам.

                    В. Астахновіч

ЗВАНОЧКІ

Раніца, раніца!

Сонца румяніцца.

Ветрык бадзёры

Званочкам гаворыць:

— Званочкі, званочкі,

Расплюшчыце вочкі.

Прачнуліся кветкі,

Вашы суседкі.

— Не кратай нас, вецер.

Мы — сонейка дзеці.

Сонца румянае,

Сонца крамянае

Выйшла на працу.

— Давай прачынацца! —

Раскрылі званочкі

Блакітныя вочкі.

                   Н. Галіноўская

 

 

ЗАЛАТЫ ПРАМЕНЬЧЫК

Залаты праменьчык,

Сонечны агеньчык,

Цэлы дзень працуе,

Кветачкі малюе:

Макі — матылёчкі,

Ў полі — васілёчкі

І каля крынічкі

Пчолкам — медунічкі.

Залаты праменьчык,

Сонечны агеньчык,

Цэлы дзень працуе,

Ягадкі малюе:

У траве — сунічку,

На градзе — клубнічку,

Вішаньку, малінку,

Ягадку — калінку.

                       Я. Жабко

 

ЛЕТА

Над рэчкай сінія стракозы

Гамонку зычную вядуць.

Па-над сцяною вербалозу

Пушыстыя чмялі гудуць.

І чуе меднастволы бор

Суладны аглушальны хор.

                                 С. Явар

ВЯСЁЛКА

Дзеці

Летам

Ранкам золкім

Селі маляваць вясёлку.

Малявалі-малявалі —

Спрэчкі раптам запалалі:

— З колераў якіх яна

Так прыгожа складзена?

Усе спрачаліся дасужа,

Пальцы загіналі дружна:

— Фіялетавы!

— Жоўты!

— Аранжавы!

— Сіні!

— Чырвоны!

— Зялёны!

— Адзін прапусцілі?

— Які?.. Нібыта…

— Блакітны!..

                    В. Лукша

СЯБРЫ ПРЫРОДЫ

Нас кліча дрэва кожнае,

Травінка і ручэй.

Вядзе сцяжынка росная.

Не адставай, хутчэй.

Усюды мы жаданыя —

У полі і ў бары.

Прыроды мы адданыя,

Надзейныя сябры.

Нас птушкі, насякомыя,

Жывёлы і звяры,

Дагэтуль не знаёмыя,

Вітаюць, як сябры.

Усюды мы жаданыя —

У полі і ў бары.

Прыроды мы адданыя,

Надзейныя сябры.

У сонейка, у месяца

Бываем у гасцях.

Зялёна, светла сцелецца

Наш у прыродзе шлях.

Усюды мы жаданыя —

У полі і ў бары.

Прыроды мы адданыя,

Надзейныя сябры.

                         Н. Галіноўская

РАНІЦА

Нешта сонейка заспала,

А Гануля рана ўстала.

Як умылася ў крыніцы,

Тут жа стала чараўніцай.

На пагорак узышла,

Чараванне пачала.

Перш за ўсё — такое дзіва:

Ганка сонца разбудзіла.

— Уставай! — яна сказала,

І адразу сонца ўстала.

Ганка глянула ўгару:

— А чаму маўчыць жаўрук?

І ў блакіце зазвінеў

Серабрысты, чысты спеў.

Каля рэчкі — кветкі, кветкі.

— Гэй вы, сонейкавы дзеткі!

Ужо зніклі цені ночы —

Вам пара расплюшчыць вочы.

Кветкі дружна расцвілі,

Узляцелі матылі,

Рой пчаліны загудзеў,

І пачаўся

Новы дзень.

                      І. Муравейка

Зялёнае, квяцістае,

Сунічна-прамяністае,

Канікулы вядзе яно

І шмат прыгод нясе яно.

А што, скажыце, гэта?

Спяшае ў госці… (лета).

                          Г. Плакса

 

 

КАНЕЦ ЛЕТА

Лецейка ты, лета,

Гучна песня спета.

Весела было!

Бралі поўнай чарай

Шчодрасць тваю, дары —

Сонца і святло.

Цешыла ты дзетак,

Ды ласкава гэтак —

Матчынай рукой:

Воляй маладою,

Цёплаю вадою,

Чыстаю ракой,

Полем і лясамі,

Спевам-галасамі

Ясных дзён тваіх.

Мыла іх расою,

Сонцавай касою

Уцірала іх...

...Чарай асалоду

Чэрпалі, як воду,

Поўнаю, за край.

Залатое лета!

Дык прымі ж за гэта

Шчырае «бывай»!

                  Я. Колас