Новы будынак дзіцячага сада быў урачыста адкрыты ў аграгарадку Самахвалавічы Мінскага раёна. Такі цудоўны падарунак будаўнікі і Мінаблвыканкам зрабілі маленькім жыхарам і іх бацькам да Міжнароднага дня абароны дзяцей.
Аграгарадок Самахвалавічы знаходзіцца недалёка ад сталіцы, таму апошнім часам сутыкнуўся з праблемай вялікага горада — дэфіцытам месцаў ва ўстановах дашкольнай адукацыі. Адзіны яслі-сад, разлічаны на 40 месцаў, які працуе ў Самахвалавічах вось ужо 50 гадоў, не мог прыняць усіх жадаючых. Таму мінулым летам Сямён Барысавіч Шапіра, старшыня Мінаблвыканкама, даў даручэнне пабудаваць у аграгарадку новы «дом» для самых маленькіх мясцовых жыхароў.
«Мы шчаслівыя, што нашы выхаванцы атрымалі такі цудоўны падарунак, — расказвае Алена Леанідаўна Ярашэвіч, загадчыца ясляў-сада. Установа адукацыі разлічана на 95 месцаў, будуць працаваць 5 груп.
У новым будынку ёсць музычная і фізкультурная залы, камп’ютарны клас, медыцынскі блок, кабінеты настаўніка-дэфектолага і педагога-псіхолага. Утульныя групы напоўнены цацкамі, дыдактычнымі і дэманстрацыйнымі матэрыяламі, гульнямі для інтэлектуальнага, сенсорнага і творчага развіцця. Абсталяванне кухні дазволіць гатаваць ежу так, каб у прадуктах захоўвалася як мага больш вітамінаў. Прадугледжаны і ўмовы для аказання шырокага спектра дадатковых адукацыйных паслуг.
«Адкрываючы сёння новы будынак дзіцячага сада, мы вырашаем праблему дэфіцыту месцаў у дашкольных установах у аграгарадку Самахвалавічы і яго наваколлі, — расказвае Галіна Мікалаеўна Казак, начальнік упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама. — У некаторых населеных пунктах вобласці гэтая праблема застаецца актуальнай, і мы працуем над яе выкараненнем. Плануецца ў гэтым годзе адкрыць яшчэ тры ўстановы дашкольнай адукацыі. Ужо ў ліпені пачне працаваць дзіцячы сад у Дзяржынску, пазней адкрыюцца ўстановы ў вёсцы Ляскоўка Мінскага раёна і ў Барысаве».
Галіна Мікалаеўна Казак і Сямён Барысавіч Шапіра павіншавалі дзяцей з «наваселлем» і пажадалі, каб яны адчувалі сябе ў новым будынку камфортна, а бацькі былі спакойныя за сваіх сыноў і дачок.























