12 лютага ў Мінску прайшла цырымонія адкрыцця ясляў-сада № 30 «Пад ветразямі дзяцінства», пабудаванага групай кампаній «Юнівест-М». Новы дзіцячы сад размясціўся ў прыгожым двухпавярховым будынку ў цэнтры міні-поліса «Каскад». Ён гарманічна дапоўніў інфраструктуру жылога комплексу.
Будаўніцтва ясляў-сада № 30 пачалося ў кастрычніку 2013 года і вялося згодна з індывідуальным праектам «Мінскграмадзянпраекта». Агульная сума капіталаўкладанняў у аб’ект — каля 25 млрд беларускіх рублёў. Сад «Пад ветразямі дзяцінства», можна сказаць, адпавядае сваёй назве: на яго даху месціцца флюгер у выглядзе карабля, вялікая гульнявая пляцоўка ў дворыку каля сада таксама нагадвае карабель. Будынак установы двухпавярховы, пафарбаваны ў яркія колеры: жоўты, зялёны, сіні, чырвоны. Вокны розных памераў, некаторыя з іх таніраваныя. Яны будуць пералівацца на сонейку рознымі адценнямі і радаваць малышоў.
Сад гатовы прыняць 95 дзяцей рознага ўзросту. Плануецца арганізаваць 5 груп (у тым ліку адну ясельную). Для выхаванцаў прадугледжаны музычная і трэнажорная залы, камп’ютарны клас для дадатковых заняткаў. Адкрыецца і група кароткачасовага знаходжання «Мама + малыш»: для маці і дзяцей, якія пакуль не наведваюць установу, будуць арганізаваны развіццёвыя заняткі.
Пры добраўпарадкаванні сада ўсё было прадумана да дробязей. У групах для захавання прагулачнага інвентару ёсць асобныя пакоі. Дзіцячыя шафы абсталяваны
вентыляцыйнымі адтулінамі, што значна паскарае працэс сушкі адзення пасля прагулак. Падлога на першым паверсе з падагрэвам. Пакоі груп даволі прасторныя, а ў спальнях дзіцячыя ложкі рэгулююцца па вышыні. Для бяспекі дзяцей устаноўлена сістэма відэанагляду.
Паклапаціліся будаўнікі і пра супрацоўнікаў сада, стварылі камфортныя ўмовы для іх работы. Дарэчы, педагогаў у штаце 10, а таксама 5 памочнікаў выхавальнікаў, педагог-псіхолаг, настаўнік-дэфектолаг, музычны кіраўнік, кіраўнік фізічнага выхавання, кухары і інш. У кожнага педагога ва ўстанове ёсць свой невялікі кабінет, дзе ён можа рыхтавацца да заняткаў. Кабінеты спецыялістаў аснашчаны камп’ютарамі. Сёння вельмі важна не толькі прывіць дзецям першыя навыкі карыстання камп’ютарам, але і выхаваць у іх культуру работы за камп’ютарам.
Ва ўстанове прадугледжаны пакой для дзяжурнага персаналу і пакой псіхалагічнай разгрузкі для педагогаў, дзе яны могуць адпачыць, паслухаць музыку, папіць гарбату. Ёсць і канферэнц-зала для правядзення разнастайных пасяджэнняў. Ёсць медыцынскі блок з ізалятарам і харчаблок з параканвекцыйнай печчу. Абсталяваны і цэхі харчаблока: кухня-раздатачная, мыечная, нарыхтовачны і агароднінны цэх, кладоўка. У харчаблоку ўстаноўлены сучасныя халадзільныя камеры.
Загадчык сада Дзіяна Вячаславаўна Іваненка разам з першым намеснікам кіраўніка адміністрацыі Фрунзенскага раёна Сяргеем Уладзіміравічам Жалезняком запрасіла першых выхаванцаў у яслі-сад № 30 Мінска з такой цудоўнай назвай «Пад ветразямі дзяцінства». Потым для ўсіх прысутных на мерапрыемстве адбылася экскурсія па дзіцячым садзе.





















