Search
Monday 04 November 2024
  • :
  • :

Новыя яслі-сад замест старых

У вёсцы Клейнікі Брэсцкага раёна пасля рэканструкцыі адкрыўся новы будынак ясляў-сада. Ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця прыняў удзел старшыня Брэсцкага аблвыканкама К.А. Сумар.

— Патрэба ў дашкольнай установе была вельмі вострай, — расказаў старшыня Брэсцкага райвыканкама У.А. Мацура. — Мясцовая ўлада ўлічыла просьбы жыхароў і пастаралася аператыўна іх задаволіць. Застаецца толькі падзякаваць будаўнікам за добрасумленную і якасную работу, а бацькам за актыўны ўдзел у падрыхтоўцы ўстановы да адкрыцця.

Яслі-сад у прыгараднай вёсцы быў пабудаваны ў сціслы тэрмін на базе ўжо існуючай дашкольнай адукацыі. Работы пачаліся ў маі. За паўгода будаўнікі цалкам рэканструявалі стары будынак і дадаткова ўзвялі новы, двухпавярховы. У выніку ўмяшчальнасць установы адукацыі павялічылася на 80 месцаў. Цяпер яслі-сад могуць наведваць 120 выхаванцаў. Ва ўстанове, будаўніцтва якой абышлося ў 13 млрд рублёў, створаны належныя ўмовы для гарманічнага развіцця малышоў, усе группы аснашчаны сучасным абсталяваннем і зручнай мэбляй, уладкаваны спартыўна-музычная зала і дзіцячыя гульнявыя пляцоўкі.

— На працягу двух апошніх гадоў у вобласці назіраецца станоўчая дэмаграфічная тэндэнцыя — нараджальнасць перавышае смяротнасць. Гэта цудоўна. Значыць, палітыка, якая ажыццяўляецца ў краіне па падтрымцы мацярынства і дзяцінства, дапамагае палепшыць дэмаграфічную сітуацыю. За апошнія 4 гады ў вобласці пабудаваны 12 дашкольных устаноў. У самы бліжэйшы час 7 такіх аб’ектаў з’явяцца ў Брэсце, Пінску, Баранавічах і шэрагу сельскіх населеных пунктаў. Праблема, звязаная з дэфіцытам месцаў у дашкольных установах, актуальная для многіх рэгіёнаў вобласці. Зыходзячы з магчымасцей, улада будзе планаваць будаўніцтва дзіцячых садоў там, дзе шмат маладых сем’яў і вялікая нараджальнасць, — адзначыў К.А. Сумар.

Акрамя дашкольных устаноў, як паведаміў начальнік упраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама М.А. Ціханчук, у вобласці з 2010 года былі пабудаваны і рэканструяваны 9 школ. Да канца гэтага года адкрываецца дзіцячы сад у вёсцы Рубель Столінскага раёна. У наступным годзе плануецца завяршыць будаўніцтва школы на 1020 месцаў у Пінску, а таксама рэканструкцыю вайсковых казарм пад дзіцячыя яслі-сад на 100 месцаў у Давыд-Гарадку Столінскага раёна. На 2016 год запланавана ўвядзенне ў эксплуатацыю сада-школы на 471 месца ў Паўднёвым гарадку Брэста.

Кіраўнікі выканаўчай улады падарылі навасёлам камп’ютар і музычную тэхніку, выхаванцы падрыхтавалі для гасцей невялікі канцэрт.