Search
Пятница 29 Март 2024
  • :
  • :

ФДА: добрых традыцый працяг

Да 35-годдзя факультэта дашкольнай адукацыі

Факультэту дашкольнай адукацыi Беларускага дзяржаўнага педагагiчнага ўнiверсiтэта iмя Максiма Танка споўнiлася 35 гадоў. Што ўяўляе сабой вядучы факультэт сёння?

Аляксандр КАСПЯРОВІЧ,
дэкан факультэта дашкольнай адукацыі БДПУ імя М. Танка,
кандыдат гістарычных навук

 

За час існавання на факультэце склаліся свае трывалыя традыцыі і навуковыя школы, ля іх вытокаў стаялі вядомыя не толькі ў Беларусі педагогі. Сёлета сваё 35-годдзе святкуе таксама кафедра агульнай і дзіцячай псіхалогіі. Яе заснавальнікам і шматгадовым кіраўніком доўгі час з’яўляўся акадэмік Якаў Львовіч Каламінскі.

Пад кіраўніцтвам прафесара Лізаветы Аляксандраўны Панько была выдадзена праграма дашкольнай адукацыі «Пралеска». Прафесар псіхалогіі Леў Аляксандравіч Кандыбовіч стаў летапісцам развіцця псіхалагічнай навукі ў нашай краіне, стварыўшы фундаментальны твор «Гісторыя псіхалогіі ў Беларусі».

На кафедрах агульнай і дзіцячай педагогікі, методык дашкольнай адукацыі і зараз плённа працуюць прафесары Ларыса Дзмітрыеўна Глазырына і Наталля Сцяпанаўна Старжынская, доктар педагагічных навук Расійскай Федэрацыі Валянціна Мікалаеўна Шабека.

Факультэт па праву ганарыцца іншымі выдатнымі супрацоўнікамі. Іх кадравы патэнцыял адпавядае высокім патрабаванням падрыхтоўкі спецыялістаў дашкольных устаноў, адукацыйнай палітыцы дзяржавы, якая скіравана на павышэнне ролі педагога ў грамадстве. Акрамя названых прафесараў на факультэце працуюць 18 дацэнтаў, 12 старшых выкладчыкаў, 20 выкладчыкаў, 2 члены Саюза мастакоў Беларусі.

Наладжана сістэмная работа з папаўненнем кадраў вышэйшай кваліфікацыі — толькі ў гэтым годзе ў нас праходзяць падрыхтоўку 8 магістрантаў,4 аспіранты і 1 дактарант.

Ажыццяўляем выпуск спецыялістаў: першай ступені вышэйшай адукацыі па спецыяльнасці «Дашкольная адукацыя» (кваліфікацыя – педагог), другой ступені (магістратура па спецыяльнасці «Тэорыя і методыка дашкольнай адукацыі» з прысваеннем ступені «Магістр педагагічных навук»).

У гэтым навучальным годзе ў нас займаецца 2 636 студэнтаў, з іх 785 — на дзённай форме і 1851 — на завочнай. Наш факультэт — адзін з буйнейшых ва ўніверсітэце, што сведчыць аб яго папулярнасці сярод абітурыентаў.

Рыхтуем спецыялістаў, здольных на сучасным узроўні выхоўваць і навучаць дзяцей як ва ўмовах сям’і, так і ва ўстановах дашкольнай адукацыі. Назапашаны вопыт дазваляе ў цяперашніх сацыяльных умовах вырашаць праблемы падрыхтоўкі выпускнікоў. Іх кваліфікацыя, як правіла, адпавядае самым высокім патрабаванням.

Па магчымасці забяспечваем кадравыя патрэбы дашкольных устаноў. Так, у 2012 годзе ў нас атрымалі дыпломы 334 спецыялісты на завочнай форме навучання і 167 — на дзённай, сёлета — адапаведна 218 і 174. У 2014 годзе плануецца выпусціць 385 завочнікаў і 237 педагогаў са стацыянара.

Геаграфія абітурыентаў ФДА ахоплівае літаральна ўсе рэгіёны нашай краіны. Напрыклад, у 2013 годзе на дзённую форму навучання паступілі 26 выпускнікоў мінскіх школ, 46 — з Мінскай, 20 — з Віцебскай, 14 — з Магілёўскай, 22 — з Гродзенскай, 14 — з Гомельскай і 39 — з Брэсцкай абласцей.

Спецыялісты на факультэце атрымоўваюць веды з улікам таго, што дашкольны перыяд для дзяцей унікальны. Непасрэдна кіруемся актуальнымі задачамі, якія стаяць перад сістэмай. У першую чаргу яны звязаны з тым, што сучасныя ўстановы дашкольнай адукацыі маюць патрэбу ў спецыялістах, якія дасканала ведаюць навейшыя дасягненні ў галіне навукі і культуры, найноўшыя метады навучання. Яны таксама павінны добра валодаць інфармацыйнымі тэхналогіямі, праграмным забеспячэннем, што прызначаны для навучання і развіцця дзяцей.

Прафесійную кампетэнтнасць будучых педагогаў фарміруем з улікам узроўню навуковых ідэй педагогікі і індывідуальнага патэнцыялу студэнтаў. Як вядома, базай для падрыхтоўкі высакаякасных кадраў выступае дзяржаўны адукацыйны стандарт вышэйшай прафесійнай адукацыі.

Авалоданне прафесійнымі навыкамі цесна звязваем з развіццём мыслення студэнта, культуры яго маўлення, педагагічных здольнасцей. Усё гэта дапамагае нашым выпускнікам творча арганізоўваць адукацыйны працэс з маленькімі выхаванцамі. Навукоўцы факультэта з’яўляюцца аўтарамі вучэбных дапаможнікаў для ВНУ, педагагічных вучылішчаў і каледжаў, вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі, метадычнай літаратуры для педагогаў і псіхолагаў дашкольных устаноў, музычных кіраўнікоў, інструктараў па фізічнай культуры, спецыялістаў у галіне экалагічнай адукацыі, мастацкай творчасці і інш.

Шырокую вядомасць атрымалі даследаванні праблем развіцця маўлення дзяцей ва ўмовах блізкароднаснага двухмоўя пад кіраўніцтвам прафесара Н.С. Старжынскай, фізічнага выхавання дзяцей дашкольнага ўзросту — пад кіраўніцтвам прафесара Л.Д. Глазырынай, доктара педагагічных навук Расійскай Федэрацыі В.М. Шабека. Не меньшай папулярнасцю карыстаюцца вучэбныя дапаможнікі для ўстаноў дашкольнай адукацыі, падрыхтаваныя дацэнтамі нашага факультэта Д.М. Дубінінай, А.М. Белаус, І.У. Жытко, А.І. Смолер, А.У. Гарбатавай, А.А. Страха і інш.

Якасць практычнай падрыхтоўкі кадраў цесна звязваем з прафесійнай адукацыяй студэнтаў. Галоўная ўвага пры гэтым надаецца ўмацаванню сувязі навучання з практыкай. Да ўдзелу ў такім працэсе прыцягваем прадстаўнікоў тых устаноў, якія маюць патрэбу ў маладых кадрах і робяць на іх заказ. У сувязі з патрабаваннямі часу дзяржаўныя экзаменацыйныя камісіі на факультэце ў асноўным узначальваюць галоўныя спецыялісты аддзелаў дашкольнай адукацыі амаль што ўсіх раёнаў горада Мінска, прадстаўнікі Міністэрства адукацыі і загадчыкі дашкольных устаноў. З мэтай аптымізацыі прафесійнай падрыхтоўкі студэнтаў на факультэце дзейнічаюць 4 філіялы кафедраў агульнай і дашкольнай педагогікі, методык дашкольнай адукацыі, агульнай і дзіцячай псіхалогіі. На іх базе наладжана падрыхтоўка спецыялістаў і навукова-даследчая работа студэнтаў, якая таксама арыентуецца на будучую прафесійную дзейнасць.

Такім чынам, прафесійна-педагагічную падрыхтоўку ва ўмовах універсітэцкага комплексу забяспечваем усім адукацыйным асяроддзем.

 

Адрас: 220050, г. Мінск,вул. Савецкая, 18.

Тэлефон: 200-94-17 (прыёмная камісія).

Факс: (017) 226-40-24.

Web-сайт: http://bspu.unibel.by (афіцыйны сайт ВНУ).

E-mail: priem@bspu.unibel.by (прыёмная камісія).

 

Ад рэдакцыі. У наступных нумарах часопіса мы працягнем знаёміць чытачоў з факультэтам дашкольнай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка і яго супрацоўнікамі.