Search
Понедельник 24 Июль 2017
  • :
  • :

Гродна, Дзевятоўка: энергаэфектыўны «Верасок»

Рэдакцыя часопiса «Пралеска» працягвае знаёмства з дашкольнымi ўстановамi-новабудоўлямi. Нагадаем, што сёлета iх будзе 10 (!) — своеасаблiвы рэкорд для нашай краiны i яскравае пацвярджэнне клопату дзяржавы аб сваiх дзецях. Сёння мы запрашаем вас, шаноўныя чытачы, у жылы мiкрараён Дзевятоўка горада Гродна ў яслi-сад № 101 «Верасок» Ленiнскага раёна.

Ёсць чым паласавацца воку

Жанна Мікалаеўна Казловіч, загадчык установы, — кіраўнік малады, але бачна, амбіцыйны, хваткі, гаворыць стрымана, коратка пра ўсё, што ёсць, і тое, што наважылася зрабіць вось зараз і на перспектыву. Задумкі ў яе цікавыя, а галоўнае рэальныя, заснаваныя на вопыце, набытым яшчэ падчас працы выхавальнікам, намеснікам загадчыка дашкольнай установы па асноўнай дзейнасці і метадыстам аддзела адукацыі.
Высвятляем падрабязнасці. Насамрэч дзіцячы сад адкрыты 23 снежня мінулага года — амаль дзень у дзень паводле графіка. І трэба адразу сказаць, што генпадрадчык — ААТ БМТ № 30 (кіраўнік Р.К. Сыраежка), субпадрадчыкі БМТ № 151 (А.І. Бялко), БУ № 52 (А.І. Сянчук) тут не скупіліся на асваенні выдзеленых сродкаў — 10 млрд руб. — ні на ўзвядзенне самога памяшкання, ні на яго абсталяванне. Скажам шчыра: зроблена ўсё дыхтоўна, годна і якасна. Пацвярджэнне таму — ніводнай заўважанай драпіны ці нейкай недакладнасці. Людзі зрабілі, скажам так, пабудову-цацачку — упрыгажэнне ўсяго тутэйшага жылога мікрараёна. І архітэктурныя формы, і гамавае афармленне, вонкавае і ўнутранае, самі матэрыялы ды абсталяванне толькі радуюць вока. Магчыма, тут адыграла сваю станоўчую ролю прызначэнне Ж.М. Казловіч на пасаду кіраўніка ўстановы загадзя — яшчэ на стадыі яе будаўніцтва. На гэтым настаяла ўпраўленне капітальнага будаўніцтва гарвыканкама! А такі педагог-кантралёр у касцы, згадзіцеся, добра ведае, што павінна быць «на выхадзе», дакладней на ўваходзе, у дашкольную ўстанову дзетак. Нашы здагадкі пацвердзіла метадыст аддзела адукацыі Наталля Пятроўна Рэкець, якая заўважыла даволі эмацыйна:
— Дык што ж вы хацелі пабачыць нешта іншае, калі Жанна Мікалаеўна на будоўлі знаходзілася штодня да апоўначы! Яна тут ведае, дзе і як пакладзены кожная цаглінка, кожны штрышок фарбы!..
Дададзім: і яе асабістымі, таленавітымі рукамі таксама. Нічога тут дзіўнага няма, сённяшніх кіраўнікоў дашкольных устаноў, а гэта практычна стопрацэнтна жанчыны, магчыма грубавата, але досыць дакладна, вядома, не без гумару, часам называюць «лэдзі-нержавеючая труба», бо рамонтна-будаўнічыя работы сталі ўжо напроч іх функцыянальнымі абавязкамі. І згаданую вышэй будаўнічую каску можна ўводзіць смела ў дрэс-код сучаснага загадчыка дашкольнай установы. Нічога не зробіш — таго вымагае час…

Энергаэфектыўнасць: дзе і чым?

Прызнаемся шчыра: нас вельмі казытаў сэнс гэтага спакусліва-загадкавага тэрміна «энергаэфектыўны». Вядома, у дачыненні да дашкольнай установы, самі разумееце, што аб эканоміі і беражлівасці мы падчас гаворым яшчэ на ўзроўні кап-кап вады з крана. Гэта таксама важна і неабходна, але ж нехта з’едліва заўважыць: «Ну вось, зноўку пра эканомію на дзецях!» Ды не, шаноўныя! Для пацвярджэння сказанага прывядзём хоць бы вось такія прыклады той жа энергаэфектыўнасці, прымененыя ў яслях-садзе № 101.
Найперш пра само памяшканне ўстановы. Яно ўзведзена з кампазітных матэрыялаў па тых тэхналогіях (падрабязнасці — у праекціроўшчыкаў), якія самі па сабе забяспечваюць аптымальны тэмпературны рэжым. Больш утылітарна гэта належыць разумець так: зімой не холадна, у спёку не горача. У гэтым пераканаліся і нашы карэспандэнты, наведаўшы ўстанову, калі «за бортам» было звыш + 300С. У групавых памяшканнях ясляў-сада адчувалася ўтульная, камфортная тэмпература, такая ж, дарэчы, і ў самай пякельнай зоне — на харчблоку. Таму спрыяюць пластыкавыя вокны, дзверы з даводчыкамі, радыятары ацяплення, аснашчаныя тэрмарэгулятарамі і інш.
А вось пра плавальны басейн — казачка-быль асобная. І не толькі таму, што іх цяпер будуюць у кожнай новай дашкольнай установе. Гэты басейн — звышэканомны! Тут устаноўлена вадаабаротная сістэма ачысткі вады, аснову якой складае спецыяльны фільтр, размешчаны пад басейнам. Гэта дазваляе эканоміць 20—25 млн руб. у год. Да таго ж у кожнай групе і душавых устаноўлены адзіны змешвальнік, з дапамогай якога можна рэгуляваць тэмпературу вады ва ўсіх кранах адразу. У дашкольнай установе ёсць аўтаномны награвальнік, імі абсталявана кожная група, таму плавальны басейн працуе круглы год, а ў ДУ заўсёды ёсць гарачая вада.
Яшчэ красамоўная дэталь: усё асвятленне ў холах і калідорах запітана на адзіны выключальнік, што дазваляе ўключаць/выключаць асвятленне ў адпаведнасці з графікам і з улікам светлавога дня. Як бачым, зноў жа эканомна і бяспечна.
Ёсць іншыя зручнасці, кшталту пад’ёмніка ў харчблок з падвала, дзе знаходзіцца бульба і іншая гародніна. Пад’ёмнікам з кухні прыгатаваная ежа дастаўляецца на другі і трэці паверхі будынка. У дадзеным выпадку, дакладна, паклапаціліся ўжо пра жанчын…

У працяг тэмы

Калі працягваць тэму эканоміі і беражлівасці, дык мусім выйсці з памяшкання ясляў-сада на тэрыторыю. Дарэчы, яна абнесена адмысловай металічнай агароджай — капітальнай, даўгавечнай, скрозь упрыгожанай любымі дзеткам коткамі. Дык вось на тэрыторыі спрэс устаноўлена абсталяванне на металічнай і драўлянай аснове, аніякага пластыку. Нідзе! Тут трэба заўважыць, што апошнім часам нашы дашкольныя ўстановы літаральна захліснула хваля захаплення рознай сінтэтыкай, пластмасай, цацкамі, модулямі, канструктарамі і іншым абсталяваннем менавіта са штучных матэрыялаў. Так, яны выглядаюць вабна, а вось з пункту погляду гігіены, здароўя, надзейнасці ў выкарыстанні, тэрмінаў прыгоднасці гаварыць не даводзіцца.
У звязку з гэтым асабліва адзначым: надворнае абсталяванне Ж.М. Казловіч падбірала сама, па каталогу. Гарвыканкам выдзеліў ёй фінансавыя сродкі (160 млн руб.), у межах іх ажыццяўляўся падбор усяго неабходнага. У такім выпадку алгарытм яе дзеянняў быў выключна прагматычна-дальнабачны: набыць тое, што спатрэбіцца для заняткаў, гульняў і забаваў дзетак у адпаведнасці з праграмай і мэтай установы, пры гэтым на гады наперад. Такая задача ад Жанны Мікалаеўны запатрабавала нямала часу, роздуму і адказнасці, у тым ліку за якасць самога абсталявання, месца яго ўсталявання і мэтаў выкарыстання. Зразумела, у гэтым выпадку ў яе можна запытаць, што брала і для чаго, а з другога боку, і кіраўніку было важна кампетэнтна і адказна зазірнуць наперад — у змест і арганізацыю адукацыйнага працэсу. Ж.М. Казловіч, зазначым, з пастаўленай задачай справілася няблага, спаўна апраўдала давер.
Наогул жа фізкультурна-спартыўная пляцоўка, веранды, акрамя звычайнага пакрыцця, маюць да таго ж яшчэ адно — адмысловае, што палепшыла не толькі іх знешні выгляд, але і надзейнасць, бяспеку. У гэтым кантэксце нагадаем і пра паркет, які пакладзены на ўсіх трох паверхах памяшкання — уліты брусок да бруска! Нехта заўважыць: «Дарагавата, не эканомна!» А вось тут ужо ёсць тэма, каб паразважаць над тым, ці варта эканоміць сёння на тым, за што давядзецца ў стокроць разлічвацца заўтра? Аргументы, як кажуць, выбірайце самі. Кіраўніцтва горада Гродна выбрала найбольш грунтоўны: «Дзеці!». Таму і наступную дашкольную ўстанову — № 102 (мікрараён Вішнявец, адкрыта ў красавіку) — пабудавалі з улікам ужо набытага ў Дзевятоўцы вопыту. Ухвальны вопыт! Чаму б не ўзяць яго пад увагу рэгіёнам, дзе будзе весціся будаўніцтва ўстаноў адукацыі і не толькі іх!

Казловіч і яе каманда

Ведучы гаворку пра асаблівасці ясляў-сада № 101-новабудоўлі, не можам хоць бы колькі ўвагі не ўдзяліць калектыву гэтай установы. Адразу зазначым: ён дзейны, ініцыятыўны. Хаця сабраць усю каманду адразу Ж.М. Казловіч і не ўдалося, аднак распачала новы 2010/2011 навучальны год менавіта каманда. Ёсць тут сталыя і маладыя, тытулаваныя педагогі і тыя, хто толькі пачынае працоўны шлях. З’яднала іх сама Жанна Мікалаеўна і не толькі таму, што яна — лідар, а таму, што ведала, каго мяркуе бачыць на пэўнай пасадзе. Адсюль — і давер, і надзея, і патрабаванні.
Напрыклад, старшая медсястра А.М. Мядзведзь — з дзіцячай паліклінікі. На пасаду медсястры таксама з дзіцячай паліклінікі прыйшла Л.А. Стэцкая. Яна актыўна займалася добраўпарадкаваннем дашкольнай установы. Шматдзетная маці не пабаялася цяжкасцей: рыхтавала памяшканні ясляў-сада да санітарна-гігіенічнай экспертызы, прыём дзяцей (196 на працягу аднаго месяца!), кантралявала працэс адаптацыі выхаванцаў. Сёння Ларыса Аляксандраўна працуе медсястрой плавальнага басейна, прымае самы актыўны ўдзел у жыцці калектыву.
Добрыя, удзячныя словы Ж.М. Казловіч адрасуе кіраўнікам фізічнага выхавання А.М. Данько, М.У. Гайдзечка, музычным кіраўнікам Л.А. Панімаш, І.А. Лукічавай, выхавальнікам Т.А. Журневіч, А.А. Латарэвіч, А.І. Шульга, В.І. Пацапей, В.У. Пышкайла, Т.В. Шышко, Т.У. Трафімовіч, Г.М. Шанціла, Ю.У. Бялуга, Л.А. Мікалайчык, А.М. Зафатаевай. Столькі прозвішчаў кіраўнік дашкольнай установы называе не проста так. Гэтыя людзі, па яе словах, можна сказаць, здзейснілі свой подзвіг — самааддана працавалі побач з будаўнікамі: мылі, прыбіралі памяшканні, разгружалі мэблю, пасцельную бялізну, рознае абсталяванне. Дарэчы, калектыву новабудоўлі шмат дапамаглі калегі з іншых дашкольных устаноў Ленінскага раёна, бацькі будучых выхаванцаў.
Нельга не згадаць самаахвярную працу работнікаў харчблока Т.У. Казейка, Н.С. Чабатар, А.С. Майкову, пральні Г.В. Юшкевіч, А.У. Шпарко, М.П. Аўдзейчык, памочнікаў выхавальніка Г.А. Сысоеву, В.М. Копыл, В.В. Сяўко і іншых.
Безумоўна, асаблівая ўдзячнасць за пастаянную ўвагу, падтрымку і дапамогу начальніку аддзела адукацыі Ленінскага райвыканкама С.В. Ламека, галоўнаму спецыялісту С.А. Мялешка, метадысту Н.П. Рэкець.
Стаўленне новага калектыву, пра-фесійнае і псіхалагічнае, асабліва педа-гагічнага ды выключна жаночага — задача ох якая складаная. Здаецца, Ж.М. Казловіч і яе намеснік па АД Таццяна Вацлаваўна Седа, якая была прызначана на пасаду за месяц да адкрыцця ўстановы, з галавой рынуліся ў справу. Быў вызначаны такі шлях — праз фармальныя і нефармальныя формы зносінаў выйсці на міжасабовы кантакт супрацоўнікаў, што задзейнічала ўнутраны механізм самаразвіцця ўсяго калектыву. Тут варта адзначыць: дашкольная ўстанова ўвесь час «пад прыцэлам» тэле- і фотакамер. Акрамя нашага брата-журналіста, сюды пастаянна наведваюцца калегі. Само сабой усталёўваюцца знешнія кантакты, напрыклад, з дзіцячым садам «Фіялка» г.Друскінінкай (Літва). Такім чынам, падмурак у педагагічным калектыве ўжо зроблены някепскі, з’явіліся і першыя традыцыі. Няхай жа яны шчодра і плённа прымнажаюцца!
Зрэшты, часу на раскачку 101-му не было. Ён запушчаны адразу і цалкам на ўсю магутнасць. Дзевятоўка, нагадаем, — мікрараён інтэнсіўнай забудовы жылля, і дзесяць груп у новай дашкольнай установе праблему ўладкавання ўсіх тутэйшых дзяцей не вырашаюць. Да таго ж тут і нараджальнасць, як кажуць, на ўзроўні. У «Вераску», напрыклад, з 232 дзяцей 34 з мнагадзетных сем'яў.Дарэчы, у мікрараёне ў бліжэйшыя гады запланавана ўзвядзенне, як мінімум, яшчэ дзвюх дашкольных устаноў. Ёсць чэргі на ўладкаванне дзяцей у іншых мікрараёнах Гродна і вобласці. Як выглядае сітуацыя на пачатку новага навучальнага года на Гродзеншчыне наогул, мы пацікавіліся ў галоўнага спецыяліста абласнога ўпраўлення адукацыі Анжалікі Леанідаўны Кухта. Вось што яна паведаміла.

КАМЕНТУЕ СПЕЦЫЯЛІСТ

— У дашкольных установах Гро-дзеншчыны падрыхтоўка да пачатку новага навучальнага года ў цэлым паспяхова завершана. Ва ўсіх раёнах якасна праведзены мерапрыемствы па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы, добраўпарадкаванні памяшканняў і тэрыторый дашкольных устаноў, павышэнні якасці адукацыйнага працэсу. З гэтай мэтай дадаткова ўключаны рэсурсныя магчымасці рэгіёна. А цяпер больш канкрэтна.
Здадзены ў эксплуатацыю новы дзіцячы сад у мікрараёне-новабудоўлі г.Гродна (за 2009—2010 гг. — 3 дашкольныя ўстановы). Толькі за першае паўгоддзе бягучага года адрамантавана 36 памяшканняў ДУ, у тым ліку 5 — капітальна. Вядуцца рамонтна-будаўнічыя работы ў 30 дашкольных установах аграрных гарадкоў. На гэтыя мэты выдаткавана звыш 7 мільярдаў рублёў.
Асаблівая ўвага ўдзелена стварэнню якасных умоў здароўезберагаючай сістэмы ва ўстановах, якія забяспечваюць атрыманне дашкольнай адукацыі, а таксама спецыяльных умоў для лячэбна-прафілактычнай, аздараўленчай работы з дзецьмі.
Новы навучальны год пачнецца таксама з арганізацыйных пераўтварэнняў. Так, у адпаведнасці з Праграмай развіцця сістэмы дашкольнай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь, плануецца перапрафіляваць дзве дашкольныя ўстановы (Гродна, Слонім) у санаторныя, 1 — у дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці. Адкрыецца 20 пунктаў карэкцыйна-педагагічнай дапамогі, спецыяльных і інтэграваных груп, пашырыцца сетка і профіль санаторных груп.
Колькасць выхаванцаў у дашкольных установах Гродзеншчыны штогод павялічваецца, што звязана з актыўным укараненнем новых формаў арганізацыі дашкольнай адукацыі, наладжваннем падвозу дзяцей з населеных пунктаў, дзе дашкольныя ўстановы адсутнічаюць, пашырэннем спектра паслуг, што прадастаўляюцца насельніцтву.
У дашкольных установах дадаткова плануецца адкрыць звыш 30 груп, павялічыць колькасць дашкольных месцаў у навучальна-педагагічных комплексах «дзіцячы сад — школа». Гэта дазволіць паменшыць напаўняльнасць груп і наблізіць яе да аптымальнай. Аднак па-ранейшаму захоўваецца вялікая патрэбнасць у месцах для дашкольнікаў у раёнах-новабудоўлях Гродна, Ліды і ўзрастаючая патрэбнасць у іх у Ашмянах, Шчучыне, Навагрудку і іншых гарадах.
Хачу адзначыць, што на падставе аналізу сацыяльна-эканамічнай і дэмаграфічнай сітуацыі ў раёнах дакладна вызначаны перспектыўна найбольш запатрабаваныя варыятыўныя формы дашкольнай адукацыі. У вобласці карыстаюцца попытам у бацькоў і будуць працаваць мацярынскія школы, гульнявыя пляцоўкі, групы кароткачасовага знаходжання, аказвацца паслугі на даму па праграме дашкольнай адукацыі на платнай аснове.

P.S. Шаноўныя калегі! Гэты матэрыял дапаўняюць фотаздымкі на каляровай укладцы і вокладцы нумара (а таксама на нашым сайце), зробленыя ў «Вераску». Нагадаем і яго адрас: 230025, г.Гродна, вул. Таўлая, 58, яслі-сад № 101 «Верасок».
Тэлефон: 8 (0152) 70-64-07.