Search
Пятница 20 Октябрь 2017
  • :
  • :

Сямёрка лепшых

1CЁЛЕТНІ конкурс адметны, па-першае, тым, што юбілейны, дзясяты па ліку. Па-другое, што праводзіўся ў новым фармаце — па новых прадметных намінацыях. У склад удзельнікаў уключаны педагагічныя работнікі, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы прафесійна-тэхнічнай адукацыі, сярэдняй спецыяльнай адукацыі на аснове агульнай базавай.

Конкурс праходзіў па 7 намінацыях: «Руская мова і літаратура, беларуская мова і літаратура», «Пачатковыя класы», «Замежная мова», «Фізіка, астраномія, матэматыка, інфарматыка», «Гісторыя, грамадазнаўства, геаграфія, хімія, біялогія», «Музыка, выяўленчае мастацтва, працоўнае навучанне, чарчэнне, фізічная культура і здароўе, дапрызыўная падрыхтоўка» і «Выхавальнік дашкольнай адукацыі». У адборачных турах прынялі ўдзел 31 тысяча 108 чалавек, што ў 3 разы больш, чым у мінулым годзе. Аднак захавалася галоўнае — глыбіня ведаў канкурсантаў.

Падчас урачыстага адкрыцця мерапрыемства да прысутных звярнуўся намеснік міністра Рэспублікі Беларусь В.А. Будкевіч: «Конкурс “Настаўнік года” — гэта візітная картка беларускай адукацыі. У ім удзельнічаюць тысячы педагогаў, яго мерапрыемствы разнастайныя і прызначаныя прадэманстраваць усе грані педагагічнага майстэрства ўдзельнікаў». Васіль Антонавіч павіншаваў канкурсантаў, калектывы і бацькоўскую грамадскасць, якія ўвесь час аказвалі ім падтрымку і садзейнічалі перамозе. Пажадаў і далей высока несці сцяг прафесіі педагога.

Заключны этап конкурсу складаўся з фіналу і суперфіналу. У праграму фіналу былі ўключаны: прэзентацыя сістэмы работы на тэму «Навучаючы, я выхоўваю…», самапрадстаўленне каманд, урокі (або заняткі), майстар-класы, тэсціраванне па педагогіцы і псіхалогіі. Па выніках фіналу былі выяўлены лаўрэаты. Імі сталі: В.Э. Жук, настаўнік гісторыі сярэдняй школы № 11 г.Маладзечна Мінскай вобласці ў намінацыі «Гісторыя, грамадазнаўства, геаграфія, хімія, біялогія», С.У. Мацулевіч, настаўнік пачатковых класаў сярэдняй школы № 3 г.Глубокае Віцебскай вобласці ў намінацыі «Пачатковыя класы», Н.Д. Грушко, настаўнік нямецкай мовы сярэдняй школы № 73 г.Мінска ў намінацыі «Замежная мова», Т.М. Залеўская, выхавальнік дашкольнай адукацыі ясляў-сада № 19 «Пралеска» г.Жодзіна Мінскай вобласці ў намінацыі «Выхавальнік дашкольнай адукацыі», У.В. Цымановіч, настаўнік інфарматыкі базавай школы № 10 г.Наваполацка Віцебскай вобласці ў намінацыі «Фізіка, астраномія, матэматыка, інфарматыка», І.Р. Віннік, настаўнік рускай мовы і літаратуры Сноўскай сярэдняй школы Несвіжскага раёна ў намінацыі «Руская мова і літаратура, беларуская мова і літаратура», І.Б. Хаданёнак, настаўнік выяўленчага мастацтва сярэдняй школы № 1 г.Наваполацка Віцебскай вобласці ў намінацыі «Музыка, выяўленчае мастацтва, працоўнае навучанне, чарчэнне, фізічная культура і здароўе, дапрызыўная падрыхтоўка». Пераможцы атрымалі дыпломы лаўрэата конкурсу і яго сімвал — «Крыштальнага жураўля», а таксама падарункі ад грамадскіх аб’яднанняў, прадпрыемстваў, выдавецтваў, спонсараў, гасцей з замежжа (Ніжагародскай вобласці Расіі, Германіі).

Суперфінал конкурсу адбыўся 26 верасня ў актавай зале Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Ён складаўся з трох частак: прэс-канферэнцыі (адказаў на пытанні), міні-ўрокаў на тэму «Разумею цяпер, чаму…», а таксама выступленняў з прамовай перад публікай «З надзеяй, верай, любоўю». Педагогі прадэманстравалі эрудыцыю, лепшыя якасці, напрацоўкі і дасягненні. Гэта быў тыдзень высокага эмацыянальнага пад’ёму, падобны не столькі на спаборніцтва, колькі на своеасаблівы педагагічны форум.

foto 601У складзе журы конкурсу на чале з рэктарам БДПУ імя М. Танка, доктарам педагагічных навук, прафесарам А.І. Жуком былі: сустаршыня Г.І. Нікалаенка, прарэктар па навукова-метадычнай рабоце дзяржаўнай установы адукацыі «Акадэмія паслядыпломнай адукацыі», доктар педагагічных навук, дацэнт; Н.Г. Грыневіч, старшыня Рэспубліканскага савета кіраўнікоў устаноў дашкольнай адукацыі, дырэктар «Дзіцячай студыі сучасных ведаў “Познайка”»; І.У. Зубрыліна, старшы выкладчык інстытута павышэння і перападрыхтоўкі кадраў установы адукацыі «Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт», настаўнік англійскай мовы кваліфікацыйнай катэгорыі «настаўнік-метадыст», пераможца конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь 2011»; В.А. Кнышаў, галоўны рэдактар установы «Рэдакцыя газеты “Настаўніцкая газета”»; Л.Р. Марковіч, загадчык кафедры фізікі ліцэя БДУ, настаўнік фізікі кваліфікацыйнай катэгорыі «настаўнік-метадыст»; А.М. Сопікава, член Пастаяннай камісіі палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры і навуцы; Р.С. Сідарэнка, дырэктар навукова-метадычнай установы «Нацыянальны інстытут адукацыі» Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, кандыдат педагагічных навук і У.А. Янчук, дэкан факультэта прафесійнага развіцця спецыялістаў адукацыі дзяржаўнай установы адукацыі «Акадэмія паслядыпломнай адукацыі», доктар псіхалагічных навук, прафесар.

Новаўвядзеннем стала таксама прысутнасць у суперфінале конкурсу ў якасці прадстаўнікоў асобнага журы навучэнцаў старшых класаў з усіх абласцей Беларусі і горада Мінска. Трэба адзначыць, што выступленні ўсіх без выключэння педагогаў былі яркімі, дынамічнымі, запамінальнымі. Але журы чакала вельмі адказная місія — ацаніць іх узровень прафесіяналізму і выбраць лепшага з лепшых. Як адзначыў старшыня журы А.І. Жук, кожны з канкурсантаў варты высокай павагі і ўзнагарод. Усе — пераможцы! Конкурс, на думку Аляксандра Іванавіча, — гэта магчымасць кожнага з удзельнікаў атрымаць ні з чым не параўнальны вопыт, паставіць сабе высокую планку, якую ніхто не зможа зрушыць, а таксама паглядзець на сябе па-новаму і ўбачыць перспектывы прафесійнага росту.

Пасля працяглай і напружанай барацьбы быў выяўлены галоўны пераможца. Гэтым шчасліўцам стаў Віктар Жук, які пакарыў усіх у першы ж конкурсны дзень, калі выйшаў на сцэну ў рыцарскіх даспехах. Крэатыўны, мабільны, прыхільнік сучасных методык і тэхналогій, нестандартных падыходаў у адукацыйным працэсе, дарэчы, самы малады з удзельнікаў, спадабаўся не толькі гледачам, а і дзіцячаму журы, якое ўручыла яму спецыяльны прыз — «Мудрую саву».

foto 559На ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджання са словамі віншавання выступіў міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь С.А. Маскевіч. Сяргей Аляксандравіч адзначыў, што конкурс «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь 2014» фарміруе непаўторнае асяроддзе для зносін і прафесійнага росту педагогаў краіны. Пераможцы ў асобных намінацыях — гэта тыя, хто паказвае дастойны прыклад педагагічнага майстэрства ў сваёй установе адукацыі і за яе межамі. Значнае дасягненне ў тым, што адбылося папаўненне новымі, таленавітымі настаўнікамі.

У намінацыі «Выхавальнік дашкольнай адукацыі» пераможцай стала Таццяна Залеўская, выхавальнік дашкольнай адукацыі ясляў-сада № 19 «Пралеска» г.Жодзіна Мінскай вобласці, другое месца заняла Таццяна Літвінчык, выхавальнік дашкольнай адукацыі ясляў-сада № 78 г.Гродна і трэцяе — Алена Сныткіна, выхавальнік дашкольнай адукацыі дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці г.Добруша Гомельскай вобласці.

Рэдакцыя часопіса «Пралеска» жадае ўсім удзельнікам і пераможцам конкурсу здароўя, аптымізму, невычэрпнай энергіі, прафесійнага самаўдасканалення, удзячных вучняў. Няхай гэты конкурс для кожнага з вас стане прыступкай для далейшага прафесійнага росту і моцным імпульсам да развіцця сістэмы адукацыі!

Асаблівыя віншаванні пераможцам у намінацыі «Выхавальнік дашкольнай адукацыі». Творчага натхнення Вам, прафесійнага росту, павагі калег, задавальнення ад сваёй працы, цікаўных і дапытлівых выхаванцаў, поспехаў у жыцці і прафесійнай дзейнасці, новых і новых вяршынь педагагічнага майстэрства!

foto 583

foto 517

foto 510

foto 437

foto 417

foto 402

foto 385

foto 364

111

 

P.S. Фотарэпартаж з конкурсу глядзіце на каляровай укладцы часопіса.

Алена МАЛІНОЎСКАЯ