Search
Пятница 26 Апрель 2024
  • :
  • :

Аб павышэнні заработнай платы работнікаў устаноў дашкольнай адукацыі

Згодна з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 265 ад 27 сакавіка 2014 г., заработная плата работнікаў устаноў дашкольнай адукацыі будзе павышана з 1 красавіка г.г.

Павышэнне будзе ажыццяўляцца праз павелічэнне надбавак за наяўнасць кваліфікацыйных катэгорый і тарыфных акладаў. Пастановай прадугледжана змяненне надбавак за вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю з 30 да 60%, за першую — з 20 да 40, за другую — з 15 да 25%. Сёння розніца паміж надбаўкамі выхавальніка, які мае другую кваліфікацыйную катэгорыю, і выхавальніка з вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыяй складае ўсяго 175 тыс. руб. Цяпер яна складзе 405 тыс.руб. Так, заработная плата выхавальніка, які мае вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю і стаж работы звыш за 15 гадоў, павялічыцца на 457,2 тыс. руб.

Павелічэнне надбавак за наяўнасць кваліфікацыйнай катэгорыі накіравана на стымуляванне працы педагогаў, якія праяўляюць творчы падыход у рабоце, а таксама на павышэнне якасці іх працы ў цэлым. Такое рашэнне ставіць сваёй мэтай выключэнне ўраўняльнага падыходу ў аплаце, захаванне кваліфікаваных кадраў у галіне.

Апроч таго, названай пастановай на 10—15% павысяцца тарыфныя стаўкі (аклады) педагогам, якія не маюць кваліфікацыйнай катэгорыі, а таксама шэф-кухарам, кухарам дзіцячага харчавання, памочнікам выхавальнікаў і іншым катэгорыям работнікаў устаноў адукацыі.

Крыніцай для ажыццяўлення названага павышэння заробкаў стануць і сродкі, атрыманыя ў выніку перагляду ўмоў аплаты бацькамі кошту харчавання дзяцей у дашкольных установах, што прадугледжана пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 27 сакавіка 2014 года № 266 «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у пастанову Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 29 лютага 2008 г. № 307». Сёння выдаткі бюджэту на ўтрыманне аднаго дзіцяці ва ўстанове дашкольнай адукацыі складаюць у сярэднім 1,5 млн руб. у месяц, а бацькі аплачваюць толькі 20% ад агульных выдаткаў. Пасля прыняцця пастановы бацькі будуць аплачваць у поўным аб’ёме кошт набору прадуктаў харчавання для дзіцяці, г.зн. плата павялічыцца ў сярэднім на 150 тыс. руб.

Пры гэтым, аднак, не толькі захаваны льготы па аплаце за харчаванне для асобных катэгорый сем’яў, якія існавалі раней, але і прадугледжаны новыя. Так, напрыклад, на 30% зніжана плата за харчаванне для сем’яў, у якіх двое дзяцей наведваюць установу дашкольнай адукацыі, на 50% — для апекуноў, прыёмных бацькоў, бацькоў-выхавальнікаў дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, дзіцячых вёсак (гарадкоў). Па-ранейшаму ад платы за харчаванне вызваляюцца бацькі дзяцей-інвалідаў, дзяцей, якія пакутуюць ад анкалагічных захворванняў, хворых на туберкулёз, інфіцыраваных ВІЧ, а таксама з членаў сем’яў ваеннаслужачых, якія загінулі пры выкананні воінскага ці службовага абавязку.

Для шматдзетных сем’яў таксама прадугледжаны асобныя ўмовы. Так, сем’і, якія маюць трох і больш дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў, як і раней будуць плаціць за харчаванне дзяцей ва ўстановах дашкольнай адукацыі 50%. Такія ж умовы прадугледжаны і для сем’яў, што пражываюць на тэрыторыі радыеактыўнага забруджання.